Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы маладая дзяржава і мы цяпер ствараем гісторыю»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Чаму сёлета пра няўдзел у выбарах абвяшчаюць найбольш вядомыя палітыкі апазыцыі? Які сэнс удзельнічаць у выбарах, перамога на якіх немагчымая? Якія шанцы ў кандыдата жанчыны? Як выглядае выбарчая сытуацыя з пункту гледжаньня рэклямных стратэгій?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць рэкляміст Юлія Ляшкевіч, аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў і палітоляг Юры Чавусаў.

Дракахруст: У адрозьненьне ад 2010 году, жадаючых паўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі было вельмі шмат, зараз, так здаецца, сэнсацыі выклікаюць хутчэй гучныя адмовы ад барацьбы: Мілінкевіч, Карач, Някляеў. Самыя рэйтынгавыя палітыкі краіны адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах, пра ўдзел заяўляюць альбо палітыкі другога шэрагу альбо людзі, якія яшчэ ўчора былі вядомыя адно ў межах сваёй арганізацыі. Чаму такі кантраст з 2010 годам?

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Чавусаў: Адзін лідэр палітычнай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што ён ідзе на прэзыдэнцкія выбары. У 2001 годзе лідэры партый — Пазьняк, Шушкевіч, Багданкевіч — ня ўдзельнічалі ў выбарах, рэй вялі непартыйныя кандыдаты Ганчарык і Домаш. Палітыкі «новай хвалі» тады выступалі як паліттэхнолягі і рабілі кампанію. Зараз сытуацыя ў нечым падобная на сытуацыю 2001 году.

Пакуль на выбары ідуць тыя, хто ня можа не ісьці

У 2006 ішоў непартыйны кандыдат Мілінкевіч і Казулін, які стаў партыйным кандыдатам толькі падчас кампаніі.

2010 год сапраўды стаў парадам кандыдатаў розных маштабаў і арганізацыйных здольнасьцяў.

Пакуль на выбары ідуць тыя, хто ня можа не ісьці, за кім стаяць палітычныя структуры, заточаныя пад удзел у выбарах. Таму ў нас будзе сытуацыя, падобная на сытуацыю 2001 году, з дзьвюма вялікімі апазыцыйнымі кааліцыямі.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Чым больш шанцаў на посьпех у апазыцыі было ці чым больш высока яна ацэньвала свае шанцы, тым больш схільнай да адзінства яна была. Варыянт 2001 году ў пэўным сэнсе быў ідэальным.

Ну а ў 2010 годзе, калі панавала меркаваньне, што не атрымаецца дамагчыся перамогі ані электаральнай, ані выніковай, то на выбары пайшлі «і жук, і жаба».

2010 год стаў прычынай таго, чаму ён не паўтараецца, я маю на ўвазе падзеі 19 сьнежня. На выбарах 2010 году здавалася, што ўдзел у выбарах можа прынесьці ўдзельнікам толькі плюсы. А зараз ёсьць усьведамленьне, што ўдзел у выбарах можа прынесьці, мякка кажучы, ня толькі плюсы.

Дракахруст: Юлія, агульнавядомае параўнаньне палітычнага рынку зь любымі іншымі, рэклямшчыкі часта робяцца палітычнымі піяршчыкамі. Ці існуюць нейкія адмысловыя рэклямныя стратэгіі працы на кепскім рынку, там і тады, дзе і калі посьпех ня «сьвеціць»? І якімі могуць быць мэты рэклямнай кампаніі на такім рынку?

Юлія Ляшкевіч
Юлія Ляшкевіч

Ляшкевіч: Ёсьць клясычная гісторыя пра Пэпсі-Колу і Кока-Колу. Пэпсі прыйшла ў СССР падчас Алімпіяды-1980. Яны былі адны, ім была непатрэбная рэкляма. А потым прыйшла Кока-Кола і зьмяла іх.

Абавязкова трэба ўвесь час прысутнічаць. У нас чамусьці лічыцца, што ты адразу мусіш заняць нішу, якую да цябе займаў манапаліст. На самой справе трэба ісьці па кроках — 1%, 2%, 3% рынку.

Самае сумнае — калі цябе не абмяркоўваюць у якім бы то ні было выглядзе

Але ты існуеш. Самае горшае, калі цябе ня існуе.

Вы сказалі, што сыход Мілінкевіча і Някляева былі сэнсацыямі. Дык не былі. Гэтыя ўходы скаланулі толькі тых людзей, якія прафэсійна займаюцца палітыкай.

Гэта самае сумнае з пункту гледжаньня рэкляміста — калі цябе не абмяркоўваюць у якім бы то ні было выглядзе. Ня трэба спасылацца на манапаліста, трэба разабрацца ў саміх сябе.

Дракахруст: Ня толькі на думку адэптаў байкоту, але і гарачых прыхільнікаў удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, перамога менавіта на іх, якую ўрачыста абвесьціць Лідзія Ярмошына — гэта з розных прычынаў са сфэры ненавуковай фантастыкі. Калі гэта так, то якімі могуць быць мэты ўдзелу? І як розныя палітычныя сілы краіны да гэтых мэтаў набліжаюцца?

Калі падчас гэтай кампаніі немагчыма атрымаць перамогу, палітыкі думаюць пра больш далёкую будучыню

Цыганкоў: Палітычны працэс можна разглядаць у працяглай і стратэгічнай пэрспэктыве і не лічыць, што ён заканчваецца чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Апазыцыю часта крытыкуюць за адрыў ад рэчаіснасьці. Але здаецца, што зараз яны цьвяроза ацэньваюць свае магчымасьці і сваю папулярнасьць.

Яны гэта не агучваюць і палітык гэта не павінен рабіць, але іх дзеяньні сьведчаць пра адэкватнае разуменьне.

Калі падчас гэтай кампаніі немагчыма атрымаць перамогу, палітыкі думаюць пра больш далёкую будучыню — пра ўзмацненьне сваіх структураў, пра фармаваньне новых кааліцыяў.

Ляшкевіч: Калі я казала пра прысутнасьць, я мела на ўвазе ня толькі выбары. У прынцыпе можа быць і байкот. Толькі давайце разумець, што байкот гэта не пасіўнае. а актыўнае дзеяньне. Можна прысутнічаць і шляхам байкоту.

Чавусаў: Я б яшчэ дадаў, што ўдзел у выбарах дае магчымасьць даць іх ацэнку як несправядлівых. Калі вылучаецца Лукашэнка адзін ці разам са спарынг-партнэрам з ЛДП, то вялікая імавернасьць, што выбары могуць зьнешне выглядаць справядлівымі і быць прызнанымі.

Удзел у выбарах дае магчымасьць даць іх ацэнку як несправядлівых

Што да байкоту, то яго прыхільнікі ў Беларусі не абмяжоўваюцца байкотам выбараў, для іх байкот выбараў — пачатак кампаніі байкоту ўсёй палітычнай сыстэмы. У гэтым сэнсе байкот можа стаць мабілізуючым фактарам. Паколькі ён такім ня робіцца, магчыма, з прычыны таго, што ён ня робіцца адзінай стратэгіяй апазыцыі.

Дракахруст: Юры, ці не здаецца вам, што мэта вылучэньне за некалькі месяцаў да выбараў кандыдата, які вядомы толькі ў межах сваёй арганізацыі, наагул ніяк не зьвязаная з выбарамі? Мэтай могуць быць зьмены ў арганізацыі, прад’яўленьне новага твару, а колькі ён набярэ галасоў — гэта наагул няважна? Ці гэта ня так?

Чавусаў: І гісторыі дэмакратычных арганізацый былі моманты, калі найбольш рэйтынгавыя палітыкі наўмысна адыходзілі на другі плян і адзіным вызначаўся палітык зь меншым рэйтынгам. Найбольш яскравы прыклад — Ваіслаў Каштуніца.

Вылучэньне жанчыны-кандыдата будзе разынкай гэтай кампаніі

Апроч мэты дэманстрацыі несправядлівага характару выбараў ёсьць мэта трансьляцыі сваіх ідэяў у грамадзтва.

Выбаршчыкі будуць глядзець на праграмы, калі будуць мець некалькі альтэрнатыўных кандыдатаў ці адзінага кандыдата ад апазыцыі.

Я мяркую, што Лябедзька, АГП будуць рабіць паўтор кампаніі 2010 году, у топу праграмы — эканоміка, прычым лібэральны падыход да вырашэньня эканамічных праблемаў. Праўда, тут пытаньне, наколькі атрымаецца стварыць саюз у межах кааліцыі «Талака», бо другой важкай сілай «Талакі» зьяўляецца левая партыя «Справядлівы сьвет».

Калі на выбарах, так выглядае, немагчыма дамагчыся перамогі, то важным робіцца пытаньне, што будзе пасьля іх. І тут Лябедзька, які належыць да «цяжкавагавікоў», зможа прэтэндаваць на ролю лідэра ўсёй апазыцыі, якім быў Мілінкевіч год пасьля выбараў 2006 году.

Калі кандыдатам ад «Народнага рэфэрэндуму» будзе Тацяна Караткевіч, яна будзе рабіць большы акцэнт на праграмных, а не на пэрсанальных пытаньнях.

Пры гэтым самы статус першага кандыдата-жанчыны ўжо будзе выйгрышна выглядаць. Вылучэньне жанчыны-кандыдата будзе разынкай гэтай кампаніі.

Дракахруст: Юлія, як рэкляміст, як вы ацэньваеце перавагі і хібы вылучэньня кандыдата-жанчыны? Юры сказаў, што гэта будзе «разынка» кампаніі. Можа разынка, можа труна.

Заявы Карач падрыхтавалі ў пэўнай часткі грамадзтва прадчуваньне прыходу жанчыны-кандыдата

Ляшкевіч: Бяда апазыцыі ў тым, што яна існуе ў прыдуманым ёй сьвеце. У гэтым сьвеце людзі ведаюць пра палітвязьняў. Я летась рабіла кампанію па палітвязьнях і магу дакладна сказаць, што людзі ня ведаюць, што ў нас яшчэ ёсьць палітвязьні. І гэта ня людзі з глыбінкі ці вялікія прыхільнікі Лукашэнкі. Але для іх было вялікім адкрыцьцём, што нехта з кандыдатаў у прэзыдэнты яшчэ сядзіць.

Другі момант — меркаваньне, што рэйтынгі і раскручаныя імёны нешта значаць. Тут гаварылася, што Някляеў сышоў з рэйтынгам 9%. Але калі паглядзець артыкул на TUT.BY пра тое, што Някляеў сышоў, пад ёй было 63 камэнтары, а пад артыкулам пра тое, што жанчына будзе канкураваць з Лукашэнкам, было 1000 камэнтароў.

Жанчына-кандыдат — гэта нешта новае. У нас мала чаго новага адбываецца.

Гэта падрыхтавала бедная Вольга Карач. Як казалі, што вылучэньне Абамы было падрыхтавана галівудзкімі фільмамі з чарнаскурым прэзыдэнтам, гэтак і заявы Карач падрыхтавалі ў пэўнай часткі грамадзтва прадчуваньне прыходу жанчыны-кандыдата.

Мы маладая дзяржава і мы зараз ствараем гісторыю. Што б ні было потым, Караткевіч будзе першай жанчынай-кандыдатам у прэзыдэнтам.

Хаця ва ўсім ёсьць плюсы і мінусы. У рэкляме ёсьць прынцып, што няякасны тавар ты можаш прадаць адзін раз.

Праблема апазыцыі — няўменьне нармальна рэагаваць на тое, што адбываецца.

Лабадзенка ў інтэрвію з Караткевіч спытаў, што яна думае пра абвінавачваньні на адрас «Гавары праўду» ў сувязях з Крамлём і КДБ, яна адказала — я нічога такога не чытала. Думаеш, дзе ж яна жыве.

Губарэвіча пасьля таго, як Мілінкевіч прайграў выбары рэктара ЭГУ, спыталі — дык можа зараз Мілінкевіч вернецца? Ён адказвае — а што, нешта зьмянілася? Не, чувак, нічога не зьмянілася.

Янукевіч кажа, што БНФ пагадзіўся на Караткевіч, хаця іх кандыдат быў мацнейшы. Дык чаму ж вы пагадзіліся, калі ваш кандыдат быў мацнейшы?

Цыганкоў: Вылучэньне Караткевіч можа стаць стрыжнем гэтай кампаніі. Але паводле дадзеных НІСЭПД беларусы сёньня ня вельмі схільныя выбіраць жанчыну-кандыдата.

Калі выбары не выконваюць ролю палітычных выбараў, хай выканаюць ролю прасоўваньня пытаньняў, у прыватнасьці, пытаньня гендэрнай роўнасьці, якія іншыя краіны ставілі перад сабой і вырашалі 20-30 гадоў таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG