Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывашэеў: Amnesty International мае сьведчаньні пра чатырох украінцаў, забітых сэпаратыстамі ў палоне


Праваабаронцы маюць новыя сьведчаньні таго, як прарасейскія сэпаратысты ва ўсходняй Украіне забіваюць палонных. Пра гэта Радыё Свабода расказаў Дзяніс Крывашэеў, намесьнік дырэктара Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Крывашэеў: Мы бачылі відэа чатырох палонных. Яны былі захопленыя ў выніку вайсковай апэрацыі ў студзені і спачатку на відэа былі жывыя ў пастарунку сэпаратыстаў. Затым мы пабачылі фота гэтых асоб ужо мёртвых. Факт сьмерці вельмі відавочны — яны былі застрэленыя.

РС: Што зрабіла Amnesty International дзеля таго, каб ідэнтыфікаваць гэтых палонных салдатаў?

Крывашэеў: Імя аднаго зь іх вядомае, гэта Ігар Бранавіцкі, яго пахаваньне прайшло ў Кіеве некалькі дзён таму. Трое іншых не былі названыя. Мы павінны быць асьцярожныя, каб не пашкодзіць нашым крыніцам, таму я пакуль не гатовы назваць імёны.

РС: Калі гэта будзе пацьверджана, ці будуць гэтыя факты расцэньвацца як ваенныя злачынствы?

Крывашэеў: Калі палоннага катуюць або забіваюць у пастарунку, гэта разглядаецца як ваеннае злачынства. Адказныя за гэта павінны быць устаноўленыя і пакараныя.

РС: На вашу думку, гэты выпадак можа быць выключным або ён сьведчыць пра існаваньне шырэйшай падобнай практыкі?

Крывашэеў: Ёсьць дастаткова сьведчаньняў зьбіцьця або катаваньняў у пастарунках, так што я б назваў гэта шырока распаўсюджанай практыкай. Я павінен падкрэсьліць, што паводле нашых сьведчаньняў гэта адбываецца на абодвух баках. Што да забойстваў, то да нас даходзяць толькі адзінкавыя факты і я не магу назваць гэта масавай зьявай. Але я моцна падазраю, што такіх выпадкаў на самой справе можа быць больш чым мы думаем.

РС: Amnesty International заклікае Кіеў расьсьледаваць гэтыя выпадкі сьмерці. Але ці могуць украінскія ўлады рэальна правесьці праверку на тэрыторыі, кантраляванай ўзброенымі сэпаратыстамі?

Крывашэеў: Рэальна іх магчымасьці вельмі абмежаваныя. Тое, што яны павінны зрабіць, гэта распачаць непрадузятае і незалежнае расьсьледаваньне, што ва Ўкраіне можа быць крыху праблематычна. Але як толькі яны змогуць гарантаваць, што расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту можа быць бесстароньнім, то думаю ўзьнікне момант, калі спатрэбіцца ціск міжнароднай супольнасьці для таго, каб украінскія сьледчыя атрымалі доступ да тэрыторыі, на якой гэта адбылося. Яны павінны мець доступ да доказаў і сьведкаў і зрабіць сваю працу належным чынам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG