Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі прадаўцы бачылі пакупнікоў «у труне»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Яшчэ нядаўна сутыкаўся з касіркамі ў краме, маладзенькімі, толькі пасьля школы, у якіх сядзела клясычная савецкая прадаўшчыца, неўміручая і незьнішчальная. Міжволі аслупянееш: яны нарадзіліся, калі СССР больш не існавала, але ў адказ на сьціплую просьбу чаргі абслугоўваць крыху хутчэй, раздражняюцца славэтнай фразай савецкіх магазыншчыц — «а вы станьце на маё месца!» Дэжавю.

Адно: гэта фраза больш ня мела пад сабою былога «залатога» зьместу. Савецкая прадаўшчыца была каралевай харчовых тавараў (і ўсіх астатніх), якіх вельмі не хапала. У гэтай заяве гучала трыюмфаваньне, перавага над табой, простым сьмяротнікам, шараговым пакупніком. Ніколі вы на маё месца ня станеце, фігу з маслам, маё месца толькі для абраных! І ўсе будуць плішчыцца, каб навязаць са мной знаёмства «з чорнага ходу».

Цяпер жыцьцё іншае: каўбасаў поўныя вітрыны, вось яшчэ каб грошай падкінулі, каб яе купляць, міжволі агучвае свае думкі просты народ. Так што прадаўшчыцам болей не зайздросьцяць. І гаспадыня мяснога ці каўбаснага прылаўку сягоньня ня мае адчуваньня сваёй каралеўскасьці.

Новыя ўмовы, між іншым, на прадаўшчыц старэйшага пакаленьня паўплывалі толькі станоўча. У гарадзенскім унівэрмагу вялікія плошчы, увесь першы паверх здалі ў арэнду. У выніку папулярная прадуктовая крама зьменшылася да невялікага аддзелу, затым яе перавялі ў паўпадвал. І што вы думаеце? Кожная прадаўшчыца вітаецца з табою і абавязкова дзякуе за любую пакупку, хоць за паўбатона. У савецкія часы ты б язык праглынуў ад разгубленасьці.

Яшчэ раней такая нечаканая ідылія паміж пакупнікамі і гандлярамі запанавала на рэчавых рынках… І раптам канфліктная сытуацыя ў самым буйным гандлёвым цэнтры «Карона». Адміністрацыя стала патрабаваць ад прадпрымальнікаў, каб выконвалі расклад, і крамы былі адчыненыя цэлы дзень — калі працуе ўся «Карона». Прычына: канкурэнцыя. Адкрываюцца ўсё новыя такія цэнтры, а пакупнікоў у горадзе больш не становіцца. Прадпрымальнікі «Кароны» адбрэхваюцца: да 12-ці людзей няма і пасьля 16-ці. Дык навошта час траціць, марна чакаць? Да спрэчкі далучыліся самі пакупнікі. У такі час большасьць на працы, якія могуць быць пакупкі? А пазьней прыедзеш на «Карону», палова ралетаў апушчаныя. Чаму пакупнікі павінны падстройвацца пад прадаўцоў, а не наадварот? Таму людзі перастаюць туды езьдзіць.

Нам здаецца: калі ўсё менш пакупнікоў, то ці зачыняйся зусім, ці будзь зацікаўлены ў кожным. Аднак некаторыя прадпрымальнікі сталі ў позу савецкай прадаўшчыцы. Горача даказваюць, што гэта іхны асабісты бізнэс і яны самі сабе гаспадары, ніхто ім ня ўказ. Заплацілі за арэнду, падатак — і не чапайце! Нібы таксама рацыю маюць. Ну добра, вы працуеце на сябе, пагаджаецца адзін гарадзенец, але чаму я павінен кланяцца зачыненым ралетам і цалаваць клямку, калі вырашыў патраціць свой час на паездку на тую «Карону»? Так, менавіта, калі гэта на вуліцы твой асабісты ралет ці нават крама — то можаш хоць зусім не адчыняць, раздражняюцца іншыя пакупнікі. А калі крамкі арандуюць пад агульным дахам, і са ста можа быць адчынена дзесяць-пятнаццаць, то каму патрэбны такі гандаль? Пагатоў непадалёк ад «Кароны» вось-вось адчыніцца новы сучасны гандлёвы цэнтар?

Памятаю, калі «Карона» стала па сутнасьці першым пад дахам вялікім рэчавым рынкам, працаваць там было прэстыжна. Ты дзе цяпер? На «Кароне»? О-о-о! Хоць арэнда «кусалася», але ня трэба было пад дажджом і сьнегам стаяць у кажуху і вушанцы. Тады паявілася новая «каста»: дзяўчыны быццам з подыюму. Прычоскі, макіяж, адзеньне, шпількі! Савецкім працаўніцам прылаўку такое і ня сьнілася. Дзяўчыны з «Кароны» былі звычайнымі прадаўшчыцамі, але адчувалі сябе каралевамі і пазіралі на пакупнікоў як на шэрую звычайную масу. Напэўна думкі зжыць сваю «зорную» хваробу ў іх не ўзьнікала. Ну што такое я, шараговы гарадзенскі пакупнік, побач з такімі бліскучымі красунямі?

Хаця, калі шчыра, мяне асабіста лёс гандлю на «Кароне» не турбуе. Я там не бываю і даўно ня бачыў тых прадаўшчыц-«каралеваў». Але мяне не пакідае думка, што калі савецкія часы закончыліся, то значыць – цяпер не пакупнік для прадаўца, а наадварот.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG