Сусьветны банк прагназуе на бліжэйшыя два гады больш значнае зьніжэньне ў Расеі асноўных эканамічных паказьнікаў, чым меркавалася раней. У справаздачы Сусьветнага банка, апублікаванай 1 красавіка, гаворыцца, што нэгатыўныя тэндэнцыі зьвязаныя са зьніжэньнем сусьветных коштаў на нафту і заходнімі санкцыямі супраць Расеі ў сувязі з роляй Масквы ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Аб’ём ВУП Расеі ў 2015 годзе зьнізіцца на 3,8 працэнта, а не на 2,9 адсоткі, як адзначалася яшчэ ў студзеньскім прагнозе.
Сусьветны банк лічыць, што ў наступным годзе аб’ём ВУП у Расеі паменшыцца толькі на тры дзясятыя працэнта. Адзначаецца, што яшчэ ў студзені гэтага году на наступны год прагназаваўся рост у адну дзесятую працэнту.
У дакладзе адзначаецца, што санкцыі, уведзеныя супраць Расеі ў 2014 годзе, пачалі аказваць адчувальнае ўзьдзеяньне на расейскую эканоміку толькі ў апошнім квартале мінулага году. У Сусьветным банку лічаць, што больш глыбокі эфэкт ад санкцый у Расеі стане прыкметным на працягу 2015-га і ў наступным годзе.
Па дадзеных Сусьветнага банка, адток капіталаў з Расеі ў мінулым годзе дасягнуў аб’ёму ў 151 мільярд даляраў, на бягучы год гэты паказьнік прагназуецца ў аб’ёме 80 мільярдаў даляраў.