Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч адмовіўся прыбіраць пляц шклоўскай калёніі


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Паводле правілаў, якія дзейнічаюць у калёніі, гэта лічыцца сур’ёзным парушэньнем. За такое могуць прызначыць пакараньне карцэрам, а ўрэшце і накіраваць у «крытую турму».

Мікалай Статкевіч, як стала вядома жонцы палітыка Марыне Адамовіч, напісаў заяву ў адміністрацыю калёніі пра тое, што адмаўляецца далей працаваць па «самаабслугоўваньні» — гэтак у шклоўскай калёніі называюць прыбіраньне тэрыторыі. Чаму гэта адбылося амаль праз два месяцы, як Мікалай Статкевіч апынуўся ў шклоўскай калёніі? Марына Адамовіч патлумачыла карэспандэнту Свабоды, што рашэньне яе мужа наўпрост зьвязана зь ціскам на яго як палітвязьня.

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

«Па сутнасьці, ён выканаў тую задачу, якую перад сабой паставіў, калі зноў трапіў у шклоўскую калёнію. Задачу задакумэнтаваць факты парушэньня заканадаўства, а часам і зьдзекаў, якія ў гэтай калёніі чыніліся найперш у дачыненьні да палітвязьняў, але і астатніх зьняволеных. Ён казаў пра тое, што зьбіраецца накіраваць чатыры заявы ў пракуратуру, каб фактычна падрыхтаваць гэтым матэрыялы для будучага абвінавачаньня. І вось 24 сакавіка Мікола расьпісаўся ў тым, што ягоная апошняя заява накіраваная па прызначэньні, і адразу напісаў заяву аб адмове ад працы па гэтым „самаабслугоўваньні“. Дарэчы, па ягоных падліках, яму давялося гэтым займацца ў дзясяткі разоў больш, чым патрабуе закон. Фактычна гэтая праца выкарыстоўвалася як форма зьдзеку. Прыкладам, пасьля таго як ён пацягнуў цягліцу, плошчу прыбіраньня павялічылі ў 5 разоў, і тое, што рабілі тры вязьні, мусіў рабіць ён адзін. Але пакуль ён ня выканаў сваю задачу, то казаў, што ня дасьць ніводнай падставы, каб накласьці на яго пакараньне».

Паводле Марыны Адамовіч, адмова ад працы лічыцца сур’ёзным парушэньнем унутраных парадкаў у калёніі і можа пацягнуць за сабой пакараньне, у тым ліку зьмяшчэньне ў карцэр ці памяшканьне камэрнага тыпу.

«Мікалай не выключае, што супроць яго рыхтуюць новае абвінавачаньне, каб зноў накіраваць у „крытую турму“», — кажа Марына Адамовіч.

Пакуль Марыне невядома пра тое, як адрэагавала адміністрацыя шклоўскай калёніі на адмову Мікалая Статкевіча ад працы.

____________________________________________

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Пасьля трох гадоў у крытай магілёўскай турме на пачатку 2015 году Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калёнію, дзе ён ужо адбыў больш за паўгода ў 2011 годзе. Тады Мікалай Статкевіч працаваў на лесапілцы, атрымаў траўму, але ад працы не адмаўляўся.

«Мікалай і цяпер заяўляў, што згодны працаваць на вытворчасьці, але яму адмовілі», — кажа Марына Адамовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG