Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі канвой падзяліў чэхаў


У Чэхію ўехаў амэрыканскі канвой, які вяртаецца з вучэньняў у Балтыі на сваю базу ў Баварыі: 120 БТРаў і 500 вайскоўцаў.

Пасьля вельмі цёплага прыёму і нават энтузіязму з боку жыхароў Польшчы, амэрыканцаў у Чэхіі прывітаў і халодны душ. Некаторыя з чэхаў выйшлі на шлях праезду канвою зь лёзунгамі «Мы супраць уварваньня амэрыканскіх войскаў у Чэхію» і «Спынім амэрыканскіх акупантаў». Іншыя віталі канвой сьцягамі і воплескамі.

Супраць праезду амэрыканцаў выступіла Камуністычная партыя Чэхіі і Маравіі. Яе кіраўнік і намесьнік старшыні чэскага парлямэнту Войцех Філіп сказаў:

«Праезд вайсковага амэрыканскага канвою з балцкіх краінаў праз Чэхію ў Нямеччыну — гэта або правакацыя, або дурная ідэя, накіраваныя на тое, каб сфальшаваць карціну вызваленьня Чэхаславаччыны пасьля ІІ сусьветнай вайны».

Супроць праезду канвою выступілі таксама маргінальныя групы нэанацыстаў і анархісты.

На Вацлаўскай плошчы ў Празе сыйшліся як прыхільнікі, так і праціўнікі праезду канвою.

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман, які вядомы сваімі пракрамлёўскімі сымпатыямі, гэтым разам падтрымаў рашэньне ўраду дазволіць праезд амэрыканцаў праз чэскую тэрыторыю.

«Апошнія месяцы я змагаўся з антырасейскімі дурнямі, а цяпер дадалося змаганьне супраць антыамэрыканскіх дурняў, таму што дурні разьдзеленыя пароўну паміж абодвума бакамі. Я не пагаджаюся, каб амэрыканскае войска называлі акупацыйным з той простай прычыны, што ў мінулым стагодзьдзі мы перажылі акупацыю двойчы і ведаем, як яна выглядае», — заявіў Мілаш Зэман.

Чэскі ўрад лічыць, што праезд амэрыканскага канвою — нармальная справа, якая вынікае з абавязаньняў краіны ў НАТО.

«Як дэмакратычная дзяржава, мы добраахвотна вырашылі, што хочам быць удзельнікам зьвязу дэмакратычных дзяржаваў, якія ствараюць абарончы альянс», — сказаў у сувязі з канвоем чэскі міністар абароны Марцін Стропніцкі.

Амэрыканскі канвой у Польшчы разьдзяліўся на тры групы і перасек мяжу з Чэхіяй у трох розных месцах. Адна з групаў праедзе праз Пльзэнь, горад, які ў 1945 годзе амэрыканцы вызвалілі ад нямецкай акупацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG