Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы — шчасьлівы народ, бо ёсьць народы, у якіх усё яшчэ горш...» — апытаньне ў Горадні


Сёньня — Міжнародны дзень шчасьця. Ці шчасьлівыя вы? Чаго беларусам бракуе для шчасьця? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадарыня: «Упэўненасьці ў сабе не хапае ўсім нам, беларусам. І болей трэба шанаваць сваю зямлю, там, дзе мы жывём, не аглядвацца на кагосьці. А ў нашай сям’і ўсяго хапае — двое дзетак, маем працу».

Муж: «Я салідарны зь ёю...»

Спадар: «Я сам шчасьлівы. А чаго беларусам не хапае? Мне здаецца, беларусы — шчасьлівы народ. Проста шчасьце трэба ў сабе ўнутры шукаць, гэта ж ня нешта матэрыяльнае. Гэта калі табе жыць хочацца, калі пасьля працы дамоў вяртацца хочацца, калі хочацца абняць сваіх дзетак, свайго коціка пагладзіць. Гэта калі ідзеш на бераг Нёмана і радуесься таму, што навокал бачыш».

Карэспандэнт: «І ўсё ж, чаму вы думаеце, што беларусы шчасьлівы народ?»

Наўпроставы лінк

Спадар: «Таму што ёсьць народы, у якіх усё яшчэ горш...»

Спадарыня: «У меру я шчасьлівая, хаця ў жыцьці бывае па-рознаму. А што датычыць беларусаў, то ім, напэўна, усё ж не хапае свабоднага часу, каб патраціць яго на сваю духоўнасьць, культуру. Бо цяпер усе пераважна толькі зарабляюць грошы».

Хлопец: «Натуральна, мы шчасьлівыя, бо вучымся ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы, вучоба даецца добра, і мы ўжо нечага дабіліся. А цяпер яшчэ вясна, сонейка, і шчасьце папросту перапаўняе...»

Ягоны сябра: «Дый беларусам для шчасьця нічога не бракуе, усё ёсьць, што трэба, няма ніякіх мінусаў...»

Спадарыня: «Я думаю, што шчасьце ў мяне ўсё ж ёсьць. Самае галоўнае — гэта здароўе. Мне здаецца, што беларусам усё ж бракуе здароўя, бо быў Чарнобыль, розныя экалягічныя праблемы, дый узровень жыцьця ва ўсіх вельмі розны».

Спадар: «Я шчасьлівы, вось толькі здароўя трохі не хапае. Усім жадаю, каб дзеці былі здаровыя, сям’я і каб заробкі ў беларусаў былі вышэйшыя».

Дзяўчына: «Хутчэй за ўсё, я шчасьлівы чалавек. Кожнаму чалавеку, каб ён быў шчасьлівы, трэба мець сям’ю, бацькоў, братоў і сясьцёр, бабуляў і дзядуляў, ну і, вядома, мець болей грошай, бо бяз гэтага нельга ў наш час».

Спадарыня: «Я лічу, што беларусы абсалютна шчасьлівыя. А калі нам усё ж нечага не хапае, то ўсё залежыць толькі ад нас саміх».

Міхал Карневіч, Горадня

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG