Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія ўцекачы хочуць застацца на Гомельшчыне назаўжды


Чыгуначны вакзал у Гомелі
Чыгуначны вакзал у Гомелі

Шэсьцьдзясят адсоткаў перасяленцаў з Украіны, якія прыехалі на Гомельшчыну, жадаюць застацца ў рэгіёне на сталае жыхарства. Такі вынік апытаньня, праведзенага Ўправай Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі.

Зьвесткі пра намер бальшыні ўкраінцаў застацца ў рэгіёне агучаныя падчас двухдзённага наведваньня Гомеля прадстаўніка Ўправы Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў Жана Іў Бушардзі. Станоўча ацэнены высілкі мясцовых уладаў і насельніцтва рэгіёну ў справе атаптацыі вымушаных мігрантаў.

Масава ўкраінцы сталі ехаць у Беларусь, і на Гомельшчыну таксама, улетку мінулага году, калі на паўднёвым усходзе Ўкраіны сэпаратысты пры падтрымцы Расеі распачалі актыўныя баявыя дзеяньні. Руслан, бацька дваіх дзяцей, кажа, што з жонкай ратавалі сям’ю ад вайны: «З Данецку прыехалі мы. Пачаліся ўжо там абстрэлы, побач з дамамі пачалі снарады падаць — вось мы й прыехалі. Да сваякоў прыехалі».

Гомельшчыну выбіралі найперш тыя, у каго тут былі сваякі. За імі ў рэгіён пацягнуліся знаёмыя і ўсе іншыя ўцекачы, хто палічыў для сябе небясьпечным заставацца ў зоне ваеннага канфлікту. Многія спыняліся ў абласным цэнтры ў пункце часовага разьмяшчэньня, псыхалягічнай і сацыяльнай адаптацыі.

Паводле зьвестак падразьдзяленьняў органаў унутраных спраў па грамадзянстве й міграцыі, цяпер у рэгіёне на ўліку больш як 10 тысяч прыежджых украінцаў. Гэта амаль 23 адсоткі ад агульнай колькасьці замежнікаў.

У Ельскім раёне, да прыкладу, жывуць тры з паловай сотні ўкраінцаў — дарослых і дзяцей. Сваю бліжэйшую будучыню багата хто зьвязвае менавіта з гэтымі мясьцінамі. У прыватнасьці, спадарыня Вольга , якая прыехала зь сям’ёй з украінскага гарадка Шахцёрск і пасялілася ў вёсцы Засі́нцы:

Прынялі нас добра, дом далі асобны. Новыя, дабротлівыя дамкі. Тут будзем, думаю, яшчэ доўга

«Зь сям’ёй прыехала сюды, з мужам і дзіцем. Сваякоў у нас тут не было, гэта ў нашых знаёмых былі сваякі. Яны першымі прыехалі, а мы ўжо да іх. У нас тут у Засінцах тры ўкраінскія сям’і. Прынялі нас добра, дом далі асобны. Новыя, дабротлівыя дамкі. Узялі мяне сюды інспэктрам па кадрах, мужа — кіроўцам. Тут будзем, думаю, яшчэ доўга».

У Ельскім райвыканкаме кажуць, што працоўныя рукі патрэбныя найперш у сельскай гаспадарцы. У вёсцы й з жытлом лягчэй, і з працаўладкаваньнем. Да таго ж гаспадаркі ды самі вяскоўцы абжывацца ўкраінцам дапамагаюць: «У асноўным дапамагаюць гаспадаркі, людзі зьбіраюць, калі што трэба перасяленцам. Чырвоны Крыж таксама дапамагае. Учора было паседжаньне камісі па міграцыйных пытаньнях. Выдзелілі на наш раён 10 ваўчараў на адзеньне і 16 — на прадукты харчаваньня. На наступным тыдні, якія ўжо сем’і вылучылі, будуць арганізоўваць, каб ехаць і атаварыць гэтыя ваўчары ў Гомелі».

У больш складаным становішчы апынуліся ўкраінцы, якія вырашылі застацца ў гарадах — тут і з працай цяжэй, і з жытлом.

Сяргей і Натальля прыехалі ў беларускі Рагачоў з Макееўкі, што пад Данецкам. У сям’і два малалетнія сыны — за іх баяліся ў першую чаргу. Але на пастаяннае месца жыхарства наўрад ці застануцца. Натальля: «Сядзелі наагул тры месяцы бяз працы. Сярожа ня мог знайсьці працу — усюды патрабавалі мець від на жыхарства. І толькі калі аформілі, удалося ўладкавацца. Выпадкова. Кіроўцам на машыну не атрымалася, бо сказалі, што трэба ўкраінскае пасьведчаньне мяняць на беларускае, але муж не пагадзіўся. І ўладкаваўся нарэшце ў фірму па вырабе вокнаў».

Кіроўцам на машыну не атрымалася, бо сказалі, што трэба ўкраінскае пасьведчаньне мяняць на беларускае, але муж не пагадзіўся

З жытлом у маладой сям’і таксама туга: «Жывём на кватэры — нас пусьціла добрая жанчына».

У Рагачоў з Данецкай вобласьці прыехаў і малады спэцыяліст па арганізацыі перавозак Арцём. Ды не адзін, а зь нявестай. Пабраліся шлюбам ужо ў Рагачове. На працу адразу змагла ўладкавацца толькі жонка. Арцём: «Я вельмі доўга шукаў працу. Аб’езьдзіў і Рагачоў, і Жлобін. У мяне не было віду на жыхарства. Трэба было хадайніцтва ад арганізацыі, каб атрымаць хутчэй від на жыхарства, альбо каб сама арганізацыя атрымала спэцдазвол на маё ўладкаваньне, як замежніка, на працу. Адказвалі так: калі няма віду на жыхарства, то нават і ня будзем спрабаваць атрымаць спэцдазвол».

Пасьля доўгіх блуканьняў Арцёму, які мае вышэйшую адукацыю, удалося праз цэнтар занятасьці ўладкавацца на шараговую працу ў транспартным прадпрыемстве. Апошнім часам яго нават падвысілі на службе. А вось з жытлом — праблема. Удваіх наймаюць кватэру, за якую трэба плаціць больш як мільён рублёў. Зьвяртаўся ў райвыканкам — прасіў пакой у інтэрнаце:

«З выканкаму накіравалі ў камунгас, але там не было вольных месцаў. Адтуль — у „Рагачоўспэцбуд“. Цяпер зноў нібыта праз камунгас спрабуюць знайсьці пакой».

Сурамоўца кажа, што калі неяк вырашыцца пытаньне з жытлом, то ён з жонкай ня супраць застацца на сталае жыцьцё ў Рагачове.

Тым часам сёлета ў студзені й лютым сталі на ўлік яшчэ 628 грамадзян Украіны, якія прыехалі на Гомельшчыну з Данецкай і Луганскай абласьцей. Там у азначаны час ішлі асабліва жорсткія баі паміж вайсковымі падразьдзяленьмі сэпаратыстаў і ўкраінскімі фармаваньнямі Антытэрарыстычнай апэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG