Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Петрушкевіч: У Беларусі кожны вялікі паэт — палітык


Ала Петрушкевіч
Ала Петрушкевіч

У Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы бліжэйшым часам можа зьнікнуць катэдра гісторыі беларускай літаратуры. Тыя, хто выказваецца супраць, трапляюць пад перасьлед. Як змагаецца з іншадумцамі ўнівэрсытэцкая адміністрацыя, у якой атмасфэры вымушаныя працаваць там выкладчыкі? Госьцяй перадачы — кандыдат філялёгіі Ала Петрушкевіч, якая яшчэ нядаўна працавала ў ГарДУ.

— Спадарыня Ала, што ўсё ж здарылася? Чаму вы так нечакана пакінулі ўнівэрсытэт?

— Гэта здарылася ня сёньня і ня ўчора. Відаць, проста прайшоў мой час. Мы жывем у прасторы, якая зь цягам часу звужаецца, сьціскаецца і — выштурхвае нас зь сябе. Я сышла, каб застацца сабою. Я не змагарка. Я на сваім філфаку заставалася абсалютна адна. Магчыма, я змагалася б да канца, каб быў хто-небудзь, хоць адзін чалавек, які падтрымаў бы мяне. І самае страшнае, што ў мяне забралі тых, дзеля каго я там працавала, — студэнтаў. Іх выклікалі, ім гаварылі ў аўдыторыі пра тое, што яны ня маюць права ісьці на літаратурную вечарыну, якую арганізоўвае пані Петрушкевіч. На вечарыну памяці паэта, які таксама ня быў змагаром, проста хацеў рэалізаваць сябе ў гэтым часе, у гэтай прасторы. Вечарыну забаранілі ў апошні момант. Ад выкладчыкаў таксама патрабавалі не ісьці на вечарыну, ім таксама пагражалі звальненьнем. Гэта і стала для мяне апошняй кропляй. Бо я ж вучыла сваіх студэнтаў ад самага першага дня, што яны павінны быць вольнымі і хадзіць туды, куды палічаць патрэбным. Іх запалохвалі, што выключаць з унівэрсытэту, хоць гэта была звычайная лухта — кожны студэнт у нас цяпер на вагу золата.

— А выкладчык — на вагу чаго?

— Выкладчык — таксама на вагу золата. Але ў выкладчыка — адно жыцьцё. Можна было б яшчэ пазмагацца, некаму нешта даказваць, нешта рабіць, але хай яны робяць гэта безь мяне. Гэта ўжо не сакрэт, што катэдра беларускай літаратуры дажывае апошнія месяцы, можа, тыдні. Ад трох катэдраў беларускай філялёгіі ў Гарадзенскім унівэрсытэце, відавочна, хутка застанецца адна.

— На гарадзенскім сайце «Твой стыль» вывешаны гэтак званы «чорны сьпіс» Гарадзенскага ўнівэрсытэту. У ім — чатырнаццаць прозьвішчаў людзей, якія ў розны час былі змушаныя пакінуць ГарДУ: Алесь Смалянчук, Тацяна Касатая, Іна Соркіна, Сьвятлана Куль-Сяльверстава, Генадзь Семянчук... Ёсьць у тым сьпісе і вы.

— Вы называеце людзей, якія паміж сабой зьвязаныя. Усе яны —

У такой атмасфэры я задыхалася, у такіх умовах немагчыма працаваць

гісторыкі. А я — адна. У мяне зь некаторымі зь іх прыязныя адносіны, з той жа Тацянай Касатай, з той жа Куль-Сяльверставай. Паўтаруся, на філфаку я была адна. Там, каб што-небудзь правесьці, патрэбна было браць дазвол, неяк гэта фіксаваць. У такой атмасфэры я задыхалася, у такіх умовах немагчыма працаваць.

— Былы кіраўнік Гарадзенскай вобласьці Сямён Шапіра публічна прызнаваўся, што выкрыў у ГарДУ «гняздо нацыяналістаў». За што, відаць, і быў пераведзены ў сталіцу. Як вы лічыце, сьпіс «нацыяналістаў» яшчэ будзе пашырацца?

— Калі вы сказалі пра «нацыяналістычнае гняздо», мне адразу прыгадаліся словы беларускага пісьменьніка і навукоўца з Варшавы Алеся Баршчэўскага: «Калі я чую пра беларускі нацыяналізм, то адразу бягу да мікраскопа». Нехта, відавочна, сядзіць пры тым мікраскопе і шукае тое, чаго няма. Спадзяюся ўсё ж, што я буду апошняй у тым сьпісе.

— «Ала Мікалаеўна адкрыла мне Багдановіча», «спадарыня Петрушкевіч прывяла мяне да Беларусі» — так пісалі студэнты ў сацыяльных сетках. А сваіх студэнтаў вам не шкада было пакідаць?

— Мне шкада было нават не маіх студэнтаў. Патлумачу. Мае студэнты — гэта тыя, каму я адразу, на першай лекцыі, сказала: «Вы прыйшлі сюды невыпадкова. Вы выбралі ня проста філялёгію, вы выбралі філялёгію беларускую. Я веру, што вы прыйшлі сюды, каб працаваць менавіта на беларускай ніве». А такіх насамрэч на дзясятак прыпадае два-тры, ня болей. І вось гэта мае студэнты. І каля думаю пра іх, я, «жалезная лэдзі», ледзьве стрымліваю сьлёзы. Але мне шкада нават тых студэнтаў, якія не мае.

— А выпускнікі школаў ідуць сёньня на філфак па закліку сэрца ці таму, што там фактычна конкурсу няма?

— Так, конкурсу фактычна няма. І мяне заўсёды зьдзіўляла, адкуль бяруцца сярод студэнтаў сапраўдныя беларускія патрыёты.

на маё пытаньне, хто ваш любімы беларускі пісьменьнік, прагучаў адказ — Павал Севярынец. Мне гэта было так прыемна

Здавалася б, прастора вынішчаная дарэшты... Аднекуль жа бяруцца. Я заўсёды на першых лекцыях прасіла падняць рукі тых, хто прыйшоў на філфак таму, што ў іх былі сапраўдныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. І падымала рукі звычайна палова групы. І кожны раз я пыталася: што вы ведаеце пра Ларысу Геніюш, пра Натальлю Арсеньневу? Гэта як лякмусавая паперка для іхніх настаўнікаў — у большасьці маіх былых студэнтаў. І ведаеце, у апошнія гады не ўздымалася ніводная рука... Учарашнія школьнікі нічога ня ведаюць пра гэтых дзьвюх паэтак. Затое ў мінулым годзе ў мяне была незвычайная група. І гэта мой боль — сёньняшні другі курс, які мне давялося пакінуць. Помню, на маё пытаньне, хто ваш любімы беларускі пісьменьнік, прагучаў адказ — Павал Севярынец. Мне гэта было так прыемна.

— Думаю, што ў тых, хто складае розныя сьпісы, у тым ліку чорныя, былі свае матывацыі адносна вас. Скажам, вы — аўтарка першай і пакуль адзінай кнігі пра Натальлю Арсеньневу. І выйшла яна ня дзесяць-пятнаццаць гадоў таму, а пазалетась. У вашай новай кнізе «Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай» разглядаецца творчасьць той жа Арсеньневай, Ларысы Геніюш, Зоські Верас, Дануты Бічэль, Вольгі Іпатавай. Чаму вы пішаце пра такіх, зь непадканвойнай душой?

— Толькі таму, што гэта — сапраўдныя паэты. «Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай» я сьпяшалася выдаць, кніга выйшла літаральна за дзень да майго апошняга працоўнага дня. Чаму я сьпяшалася? Прывяду адзін прыклад, ён вельмі паказальны. Дзяўчынка здае залік экстэрнам па курсе, які я падрыхтавала і які назвала «Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах». Праўда, яго хуценька пераназвалі ў «Рэгіянальную стратэгію літаратурнага краязнаўства». Хай сабе. Я чытала пра постаці і лёсы. І вось здае дзяўчынка. Пытаюся ў яе: «Што вы ведаеце, пра што хацелі б расказаць?» — «Я ведаю ўсё». — «Тады, калі ласка, раскажыце пра творчасьць самай знакамітай паэткі Гарадзеншчыны, якая жыве ў Горадні і апошнім часам выдала тры кнігі прозы. Хто гэта?» Як вы думаеце, якім быў адказ? Кебіч. Для мяне гэта было шокам. Аказваецца, Кебіч прыходзіла да іх у школу, і вучням сказалі, што гэта самая знакамітая паэтка Гарадзеншчыны...

— Я толькі ўдакладню, што Людміла Кебіч кіруе Гарадзенскім аддзяленьнем прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

— Таму я і вырашыла як мага хутчэй выдаць «Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай», можа, яны да каго-небудзь дойдуць. Гэтая кніга — мой супраціў тым, якія сёньня паўсюль. Яны занялі ўсю прастору, яны ў музэях, у школах, у нашым унівэрсытэце. Яны рыхтуюць там «вечарыну духоўнай паэзіі», і журналіст наіўна пытаецца: «А чаму тут няма Алы Петрушкевіч?» Разумееце, ва ўнівэрсытэце мяне ўжо даўно «не было».

— У заходнебеларускай паэзіі ёсьць знакавы верш, які пачынаецца радком «Нашы дарогі расходзяцца здаўна пад зорамі». Максім Танк прысьвяціў яго Натальлі Арсеньневай. Два выдатныя беларускія паэты, чые дарогі сапраўды разышліся — і эстэтычна, і ідэалягічна. Калі вы дасьледуеце творчасьць паэта, для вас ідэалягічны чыньнік на якім месцы?

— Далёка не на першым. Арсеньнева неаднойчы прызнавалася, што яна не палітык і палітыкай ніколі не займалася. Проста ў Беларусі кожны вялікі нацыянальны паэт — гэта заўсёды найпершы палітык. Арсеньневу і Танка я трошкі «падцягнула» да Гарадзеншчыны. Бо ў нас як адбываецца? Прыехаў калісьці нехта з расейскіх пісьменьнікаў, скажам, Салтыкоў-Шчадрын, у Горадню, затрымаўся на адзін дзень — ва ўсіх падручніках вы знойдзеце пра гэта. А Натальля Арсеньнева пражыла ў Слоніме два гады! І таму я спэцыяльна ўвяла яе ў гарадзенскую літаратурную прастору. Той жа Максім Танк на Наваградчыне бываў пастаянна, бываў ня госьцем. І таму і ён, і яна ў нашай прасторы павінны існаваць. А што да згаданага вамі верша, то тады цэлая літаратурная дыскусія распачалася. Так, іх дарогі разышліся, але Танк прызнаваў талент Арсеньневай, пісаў, што «са сваіх інтымных пачуцьцяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі».

— Вы прыгадалі даўнюю дыскусію, а я ўспомніў зусім нядаўнюю. Беларускі ПЭН-Цэнтар тыдзень таму заявіў пра дыскрымінацыю расейскамоўных пісьменьнікаў у Беларусі. Праўда, потым яго кіраўнік Андрэй Хадановіч публічна выбачыўся за няўдалую фармулёўку. А як вам бачыцца гэтая сытуацыя?

— У мяне такое ўражаньне, што ў кожнай беларускай арганізацыі ёсьць людзі, задача якіх — рабіць правакацыі. Робяць яны іх самастойна, ці, можа, ім падказваюць адкульсьці, я ня ведаю. Але ўсё гэта я ўспрыняла менавіта як правакацыю. На маю думку, гэта наша нацыянальная бяда. Калі хлопчыка ці дзяўчынку зь дзяцінства выхоўвалі расейскамоўныя бацькі, расейскамоўная школа, як ён можа пісаць на мове іншай? Што павінна здарыцца, каб у ім прарэзалася беларуская мова? Не заўсёды своечасова зьяўляецца Максім Гарэцкі, як у выпадку з Натальляй Арсеньневай. Ёй пашанцавала з настаўнікам. А сучасныя хлопчык ці дзяўчынка пішуць, і пішуць таленавіта, і ёсьць што чытаць. Апошні твор, які я прачытала, гэта «Мой маленький Париж» Аляксандра Фядуты. Я чытала яго з задавальненьнем. Гэта вельмі прыгожая, вельмі цікавая кніга. У яе аўтара ніколі не было беларускамоўнага асяродзьдзя. І што, мы будзем патрабаваць ад яго, каб ён пісаў па-беларуску? Паўтаруся, гэта наша нацыянальная бяда. І тут простых рэцэптаў быць ня можа.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG