Ковенскі акруговы суд прызнаў 84-гадовага Станіславаса Дрэлінгаса вінаватым у дачыненьні да генацыду і асудзіў яго да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
Як паведамляе «Інтэрфакс», суд палічыў Дрэлінгаса датычным да апэрацыі па затрыманьні камандзіра літоўскіх партызан Адольфаса Раманаўскаса-Ванагаса ў 1956 годзе.
Затрыманы быў зьмешчаны ў турму КДБ у Вільні, дзе на працягу года падвяргаўся жорсткаму фізычнаму і псыхалягічнаму катаваньню, а потым быў расстраляны.
Літоўскія партызаны з 1940 году змагаліся з савецкай уладай за аднаўленьне незалежнасьці Літвы. У гады сталінскага рэжыму загінулі больш за 20 тысяч партызан, іх сямейнікаў і прыхільнікаў.