Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сакавіка і жанчыны-бадзягі


Кацярына
Кацярына

Жанчын-бадзяг на гарадзкіх вуліцах нібыта вонкава меньш, чым мужчын. Іхняе зьяўленьне ў людных месцах прыцягвае ўвагу мінакоў: разглядаюць, грэбуюць, спагадаюць. Беспрытульныя жанчыны 8 сакавіка таксама лічаць сваім сьвятам. Гэтага дня яны чакаюць і па-свойму адзначаюць.

Адна такая жанчына-бадзяга знайшла сябе прытулак ля шапікаў на прыпынку гарадзкога транспарту ў адным з магілёўскіх мікрараёнаў. Узімку яна прыбірае ад сьнегу гэтую пляцоўку, а ўлетку падмятае яе. Тут жа і яе небагаты скарб — хатулі з рэчамі.

Пра набліжэньне жаночага сьвята 58-гадовая Кацярына ведае, кажа: «Яго чакае». Згадвае, як аднойчы сабе зрабіла падарунак, назьбіраўшы букет пралесак. Калі жанчыне дарылі кветкі ня памятае. Жаданьні ў яе на сьвята немудрагелістыя — будзённыя:

«Адпачыць хачу, каб не працаваць. Каб сьнегу не было, а было чыста. Ціхенька сесьці, выпіць і адсьвяткаваць 8 сакавіка са сваімі сваякамі», — выказваецца Кацярына.

«У мяне ж дзьве сястры ёсьць. Адна жыве ў Ленінградзкай вобласьці, а другая ў Суражы. Усе ў Расеі. Сама я з Хоцімску. Сын ёсьць. У яго жонка ўжо. У мяне тры ўнукі і дзьве ўнучкі. Я болей за дваццаць гадоў гэтак жыву».

Да сына, кажа Кацярына, ня хоча ісьці. Тлумачыць: «Каб не разьбіваць ягонай сям’і». Пра гісторыю, якая прывяла да бадзяжніцтва жанчына апавядала доўга і блытана. Было ў гэтай гісторыі усё — і крыўдзілі яе, і выпівала патроху... «А я ж ваявала», — нечакана перапыніўшы свой аповед, заявіла суразмоўніца."А немцаў хто біў?"Кацюша!«, — тлумачыць Кацярына, сьмеючыся з маёй зьбянтэжанасьці. «Хто перамог? „Кацюша“ перамагла!».

«Няхай жывуць усе шчасьліва», на разьвітаньне пажадала кабета і зноў узялася адкідаць ад шапікаў ужо вясновы сьнег.

Жанчыны-бадзягі неахвотна пагаджаюцца на гутарку зь незнаёмцамі. Часьцей адмаўляюцца. Прызнаюцца, што людныя месцы стараюцца абыходзіць. Зьбіраюцца паасобку ля цэркваў.

Ля магілёўскага сабору Трох сьвяціцеляў напярэдадні 8 сакавіка жабравалі толькі жанчыны
Ля магілёўскага сабору Трох сьвяціцеляў напярэдадні 8 сакавіка жабравалі толькі жанчыны

73-гадовая жанчына, ахайна апранутая, просіць міласьціну ля магілёўскага праваслаўнага сабору Трох Сьвяціцеляў. Кажа, што жыць ёй ёсьць дзе, аднак, пэнсіі не хапае — вось і прыходзіць да царквы. Ля яе і моліцца. Адзначае, што людзі напярэдадні сьвятаў становяцца больш спагадлівымі. Ёй жа жабраваць сорамна.

«Во, бачыце падалі мне колькі?», — паказвае жанчына, дастаючы з кішэні, складзеныя грошы. Пахвалілася яна і хлебам, які вынесьлі ёй з царквы.

Свае сьвяточныя жаданьні кабета пералічвае ўпэўнена і, нібыта, завучана: "Здароўя, шчасьця, дабрабыту. Каб быў добры настрой".

Напярэдадні 8 сакавіка ля сабору жабравалі толькі жанчыны. Суразмоўніца адзначае, што яе такая сытуацыя дзівіць. Пра мужчынаў-бадзяг выказваецца непрыязна:

«Жанчын тут мала зьбіраецца. Тут толькі мужчыны прапойцы. Я вам верна кажу — прапойцы тут стаяць. Нешта іх сёньня няма»,— выказваецца кабета.

«І туды вось ў скляпок ідуць. Там па шклянцы вып’юць і зноў сюды. Але сёньня — дзіўна — іх тут няма».

Ля той жа царквы гутару зь яшчэ адной жанчынай. Кажа, што ёй 56 гадоў. Прызнаецца, што жабраваць ёй сорамна, але іншага выйсьця ў яе няма, бо ўсю пэнсію аддае ўнукам. Нажабраваныя грошы пакідае сабе. Ходзіць яна з кійком. Кажа, што хворыя ногі і праблемы з рукой.

«А чаго мне хочацца?», — перапытвае суразмоўніца, — «Памерці! Жыць я не хачу! Каб такі боль цярпець і па начах ня спаць... Не хачу я жыць і ўсё. Я на працы выбіла плячо і мне ўставілі яго, але заціснулі нэрв. Цяпер рука ня слухаецца і дужа мерзьне».

Апавядаючы пра свае жыцьцё, жанчына расплакалася, але не наракала. Прызналася, што яе гады праляцелі неўзаметку. Падзялілася сваімі назіраньнямі. «Дапамагаюць, кажа, тыя людзі, якія любяць».

«Ёсьць маладыя людзі, якія адзін аднаго любяць. Тыя дапамагаюць. Вось я толькі што ў падземным пераходзе сядзела, дык такія ішлі і мне дваццаць тысяч далі. Дык я ім пажадала: «Будзьце вы шчасьлівыя і беражыце адзін аднаго».

А ці віншуюць мужчыны-бадзягі — гэткіх жа як і яны самі жанчын — з 8 сакавіка? Бомж Анатоль кажа, што так, але ўсё залежыць ад наяўнасьці рэсурсаў:

Анатоль
Анатоль

«Калі ёсьць магчымасьць, то безумоўна нехта павіншуе. Здалі бутэлькі, макулятуру: ну што, мая ты сяброўка, ў цябе 8 сакавіка? Я цябе віншую. Выпілі бутэльку разам. Вось і ўсё віншаваньне. А жанчыне ж трэба хоць адну кветку прыгожую падарыць. На 23 лютага я таксама чакаў, што мяне хто павіншуе. Хаця б словам».

Анатоль прызнаўся, што будучы ўжо бадзягам, ён пазнаёміўся з жанчынай. Разам, кажа, прасьцей было выжываць. Іхняе жытло было пад мостам. Калі ён захварэў і патрапіў у шпіталь, то яна ад яго сышла да іншага: «Месяцы тры я ляжаў у шпіталі. Яна разы два прыходзіла да мяне. А потым адзін мужчына, які жыў тут, сказаў ёй: «Што ты будзеш жыць пад мостам, пайшлі да мяне...».

Цяпер Анатоль адзін. Крыўды на сваю былую сяброўку ня мае. Кажа, што, паводле ягоных назіраньняў, бадзягі рэдка сыходзяцца, бо аддаюць перавагу самотніцтву. Бываюць і выключэньні...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG