Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна афіцыйна зьвярнулася па міратворцаў. Чуркін супраць


На думку сталага прадстаўніка Расеі пры ААН, гэты крок ставіць пад сумнеў намер Кіева выконваць менскія пагадненьні.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ, якім увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) ад 18 лютага аб звароце да ААН і Эўразьвязу наконт разгортваньня на тэрыторыі Ўкраіны міжнароднай апэрацыі па падтрыманьні міру і бясьпекі.

РНБА прапанавала прэзыдэнту зьвярнуцца ад імя Ўкраіны ў названыя міжнародныя арганізацыі з просьбай аб накіраваньні ва Ўкраіну міратворцаў, а таксама ў Вярхоўную Раду для ўхвалы такога звароту. Кабінэту міністраў даручана неадкладна ўнесьці прапановы па заканадаўчым ўрэгуляваньні пытаньняў правядзеньня на тэрыторыі Ўкраіны міжнароднай міратворчай апэрацыі.

Пасьля таго, як РНБА прыняла адпаведнае рашэньне, Масква скрытыкавала яго. На думку сталага прадстаўніка Расеі пры ААН Віталя Чуркіна, гэты крок ставіць пад сумнеў намер Кіева выконваць менскія пагадненьні. Чуркін заявіў у 19 лютага, што дамоўленасьці маюць на ўвазе стварэньне ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР «сваіх міліцый», а таксама назіраньне за «раёнам разьяднаньня» прадстаўнікоў АБСЭ.

«Калі тут жа вылучаюцца нейкія іншыя схемы, то ўзьнікае пытаньне аб тым, ці зьбіраюцца выконваць менскія дамоўленасьці ці не» — сказаў Чуркін.

Рашэньне аб накіраваньні міратворчай місіі ААН прымае Рада бясьпекі гэтай арганізацыі, сталы чалец Рады Расея мае ў ёй права вэта.

Прадстаўнік кіраўніцтва сэпаратыстаў Дзяніс Пушылін падтрымаў пазыцыю Масквы, ў той жа час як «міністар абароны ДНР» Эдуард Басурын заявіў, што сэпаратысты ня супраць уводу на ўсход Украіны міратворцаў. Ён адзначыў, што раней ДНР вылучала такую прапанову Расеі і іншым сябрам Рады бясьпекі ААН.

Летась у кастрычніку Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў выкарыстаць беларускія міратворчыя сілы для разьвядзеньня варагаючых бакоў у Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG