Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэрам Вільні стане чыноўнік, які «здаў» Бяляцкага?


Рэмігіюс Шымашус
Рэмігіюс Шымашус

У Літве падводзяць першыя вынікі муніцыпальных выбараў. Паводле наяўных дадзеных, у Вільні і Коўне лідзіруюць кандыдаты ад апазыцыі, у Клайпедзе на першым месцы — дзейны кіраўнік гораду.

Першыя вынікі абвясьціў позна ўначы старшыня ЦВК Літвы Зянонас Вайгаўскас. Паводле ягоных слоў, дзейны мэр сталіцы Артурас Зуокас займае цяпер другое месца, набіраючы толькі 18,05% галасоў. Лідзіруе зь вялікім адрывам Рэмігіюс Шымашус, які мае ў актыве 33,96%. На трэцім месцы разьмясьціўся кіраўнік Выбарчай акцыі палякаў Літвы, дэпутат Эўрапарлямэнту Вальдэмар Тамашэўскі з вынікам 16,96%.

Лідэр выбарчай гонкі на пасаду мэра Вільні Рэмігіюс Шымашус — былы міністар юстыцыі, ведамства якога ў 2011 годзе выдала беларускім уладам праваабаронцу Алеся Бяляцкага, перадаўшы інфармацыю пра ягоны банкаўскі рахунак.

Прэзыдэнт Дому правоў чалавека ў Вільні Тацяна Равяка лічыць, што віленчукі былі праінфармаваныя пра ролю ведамства Рэмігіюса Шымашуса ў лёсе беларускага праваабаронцы:

Я спадзяюся, што ў Літве ёсьць сапраўдныя выбары і што грамадзяне, робячы свой выбар, ацэньваюць прэтэндэнтаў за іх унёскі ў разьвіцьцё краіны ці гораду.

«Я спадзяюся, што ў Літве ёсьць сапраўдныя выбары і што грамадзяне, робячы свой выбар, ацэньваюць прэтэндэнтаў за іх унёскі ў разьвіцьцё краіны ці гораду. Нельга казаць, што няма пэўнай эмоцыі ў сувязі з асобай Рэмігіюса Шымашуса, які паўплываў на лёс Алеся Бяляцкага і на дзейнасьць нашай арганізацыі — праваабарончага цэнтру „Вясна“. Але віленчукі былі інфармаваныя пра гэтую сытуацыю, некаторыя выказвалі сваё меркаваньне, выказвалі салідарнасьць з Алесем і ягонай сям’ёй. І калі яны не пабачылі ў гэтай сытуацыі нейкіх злых намераў і гатовыя падтрымаць гэтага чыноўніка ў якасьці кіраўніка гораду, то яны маюць на гэта права».

Тацяна Равяка таксама адзначыла, што Дом правоў чалавека мае вельмі добрыя дачыненьні зь віленскай гарадзкой адміністрацыяй. Праваабаронца спадзяецца, што так будзе і надалей:

«Артурас Зуокас, тэрмін паўнамоцтваў якога цяпер сканчаецца, прыехаў у Дом правоў чалавека, каб вітаць там вызваленага з турмы Алеся Бяляцкага. Увогуле, з гарадзкімі ўладамі ў нас ніколі не было праблемаў. Спадзяюся, што так будзе і надалей, хто б ні ўзначаліў Вільню», — дадала Тацяна Равяка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG