Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На маршы ў Маскве затрымалі ўкраінскага дэпутата. Ён можа стаць фігурантам справы па падзеях у Адэсе год таму


Аляксей Ганчарэнка
Аляксей Ганчарэнка

Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Гройсман зьвярнуўся да кіраўніка МУС краіны з просьбай прыняць тэрміновыя захады па вызваленьні затрыманага ў Маскве ўкраінскага народнага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі.

«Народны дэпутат карыстаецца дыпляматычным імунітэтам, і яго затрыманьне зьяўляецца парушэньнем нормаў міжнароднага права», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні сьпікера Рады міністраў Паўла Клімкіна.

Раней Ганчарэнка паведаміў у Фэйсбуку, што быў затрыманы паліцыяй у нядзелю ў Маскве падчас жалобнага шэсьця ў памяць пра забітага Барыса Нямцова. «Мяне завялі ў аўтазак, адбіралі пашпарт. Пасьля пашпарт вярнулі... ударылі. Я нічога не выкрыкваў, плякатаў і сьцягоў ня нёс — затрымалі проста за футболку», - паведаміў Ганчарэнка.

На яго старонцы ў Фэйсбуку таксама разьмешчаныя фота. На адным са здымкаў дэпутат у футболцы з партрэтам Нямцова і надпісам «Героі не паміраюць».

У аддзеле МУС Расеі ў Маскве факт затрыманьня ўкраінскага парлямэнтара пацьвердзілі, піша «Інтэрфакс». Яго плянуецца перадаць прадстаўнікам Сьледчага камітэту. Прычын затрыманьня Ганчарэнкі ў паліцыі не назвалі.

Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, паведаміла, што Аляксей Ганчарэнка можа стаць фігурантам узбуджанай у Расеі крымінальнай справы ў сувязі з падзеямі ў Адэсе 2 траўня мінулага года. Тады ў выніку супрацьстаяньня прыхільнікаў адзінства Ўкраіны і праціўнікаў новых уладаў загінулі 48 чалавек.

Актывіст руху «Народны фронт Наваросіі», галоўны рэдактар выданьня «Глагол», Канстанцін Далгоў напісаў у Фэйсбуку, што гэта ён папрасіў Сьледчы камітэт Расеі затрымаць украінскага палітыка, бо лічыць яго вінаватым у гібелі адэскіх актывістаў.

Расейскі рух «Антымайдан» распаўсюдзіў паведамленьне, у якім гаворыцца аб патрабаваньні арыштаваць Ганчарэнку. «Аляксей Ганчарэнка прысутнічаў на Куліковым Поле ў Адэсе 2 траўня. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у крывавай бойні, учыненай над актывістамі адэскага «Антымайдану», — гаворыцца ў паведамленьні.

Аляксей Ганчарэнка ўдзельнічаў у ток-шоў на «Першым канале» расейскага тэлебачаньня, якое выйшла ў эфір 17 сьнежня. Украінскі дэпутат заявіў у студыі, што народ яго краіны хоча міру, а адзіная пагроза міру — гэта «Уладзімір Пуцін, які зьехаў з глузду ад сваёй улады за 14 гадоў». Вядучыя праграмы не далі госьцю дагаварыць.

Пазьней Ганчарэнка даў інтэрвію Радыё Свабода. Пра падзеі ў Адэсе ён сказаў:

«У Адэсе прарасейскія сэпаратысты атакавалі ўкраінскую мірную акцыю і атрымалі адпор. А далей адбыўся пажар з-за трагічнага зьбегу абставінаў, і гэта, вядома, трагедыя — гібель людзей, але толькі гэтую трагедыю ніхто не арганізоўваў і не рыхтаваў. А прычынай яе было тое, што Расея падбухторвала людзей на такія дзеяньні па ўсёй Украіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG