Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рыхтавалася забраць Крым яшчэ пры Ельцыне — Джамілеў


«Расея рыхтавала дакумэнты аб адмене перадачы Крыму Ўкраіне яшчэ ў 1991 годзе. Крымскі паўвостраў адрозьніваўся ад іншых рэгіёнаў Украіны тым, што там была найбольшая канцэнтрацыя прарасейскіх сілаў», — лічыць Мустафа Джемілеў, нацыянальны лідэр крымскіх татараў.

Паводле яго, Расея ніколі не адмаўлялася ад сваіх экспансіянісцкіх намераў у дачыненьні да Крыму, нават у часы так званага дэмакратычнага пэрыяду — першага дзесяцігодзьдзя пасьля развалу Савецкага Саюзу. Джамілеў адзначыў, што яшчэ ў 1991 годзе ён разам з Рэфатам Чубаравым прыехаў на сустрэчу з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету Расеі ў Маскву, дзе ім паведамілі, што рыхтуюцца дакумэнты аб адмене «незаконнага» далучэньня Крыму да Ўкраіны ў 1954 годзе.

«Яшчэ ў часы Ельцына былі дамаганьні Крыму з боку Расеі. Усе гэтыя гады расейская прапаганда актыўна працавала на тое, што Крым — гэта расейская тэрыторыя. Паколькі яны ведалі, што найбольш арганізаваная сіла, якая можа супрацьстаяць гэтаму, гэта крымскія татары і прадстаўнічы орган — Меджліс, усе нападкі былі, у асноўным, на Меджліс крымскататарскага народу», — адзначыў Джамілеў, які сам узначальваў прадстаўнічы орган крымскіх татараў з 1991 па 2013 гады.

На яго думку, улады Ўкраіны не надавалі належнай увагі барацьбе з гэтымі сэпаратысцкімі тэндэнцыямі ў Крыме, якія ішлі ад расейскага кіраўніцтва. Джамілеў выказаў здагадку, што небясьпека з боку Крамля была недаацэненая, паколькі сама расейская ўлада, у тым ліку прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, сьцьвярджалі, што ня маюць тэрытарыяльных прэтэнзій на паўвостраў.

Нацыянальны лідэр крымскіх татараў нагадаў, што ключавы момант леташніх падзей адбыўся ў ноч з 26 на 27 лютага, калі адміністрацыйныя будынкі захапілі расейскія ваенныя без апазнавальных знакаў.

«У агульнай колькасьці іх было 110 чалавек: 70 захапілі парлямэнт і 40 — Савет міністраў. Вядома, можна было на наступны ж дзень зноў сабрацца, але, па-першае, была просьба з Кіева аб тым, каб не выходзіць, бо магчыма кровапраліцьце. Але, зь іншага боку, і Кіеў нічога не рабіў для таго, каб нэўтралізаваць гэтых тэрарыстаў», — сказаў Джамілеў.

Ён дадаў, што за 20 кілямэтраў ад Сымфэропалю дысьлякаваліся байцы спэцпадразьдзяленьня «Альфа», якія маглі прыехаць да парлямэнту і нэўтралізаваць «зялёных чалавечкаў».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG