У Харкаве ў бальніцы памёр 18-гадовы студэнт, паранены пры выбуху падчас «Маршу годнасьці» ў нядзелю.
Такім чынам, колькасьць ахвяр выбуху дасягнула чатырох — два чалавекі загінулі на месцы, два — пасьля шпіталізацыі. З траўмамі рознай цяжкасьці ў мэдычных установах застаюцца 9 пацярпелых.
Паводле дадзеных МУС Украіны, выбуховае прыстасаваньне, начыненае шрапнэльлю, было прыведзена ў дзеяньне дыстанцыйна. Пракуратура распачала крымінальную справу па артыкуле «тэракт».
Праваахоўныя органы затрымалі чатырох актывістаў групоўкі «Харкаўскія партызаны», якія падазраюцца ў датычнасьці да выбуху. Раней гэтая арганізацыя некалькі разоў рабіла атакі на прыхільнікаў «Эўрамайдану», у прыватнасьці, «партызаны» зладзілі выбух каля Маскоўскага раённага суду Харкава 19 студзеня.