Прадстаўнік АБСЭ назваў становішча жыхароў Дэбальцава блізкім да катастрафічнага. Паводле намесьніка кіраўніка місіі назіральнікаў АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны Аляксандра Хуга, у суботу экспэртам ўпершыню ўдалося патрапіць у Дэбальцава.
Замежныя назіральнікі адзначаюць, што ў Дэбальцава няма харчаваньня, вады, электрычнасьці, газу, мэдыкамэнтаў. Усе будынкі ў горадзе разбураныя або пашкоджаныя, адзначаюць прадстаўнікі АБСЭ.
Місія міжнародных назіральнікаў правяла ў Дэбальцава трыццаць хвілін. Як паведамляе Бі-бі-сі, сябры групы маніторынгу АБСЭ чулі каля ста «выходзячых» і некалькі «ўваходзячых» артылерыйскіх стрэлаў.
Група маніторынгу пакуль ня можа пацьвердзіць або абвергнуць паведамленьні аб адводзе цяжкай тэхнікі ад лініі судакрананьня канфліктуючых бакоў. Па словах Аляксандра Хуга, АБСЭ да гэтага часу не атрымала ўсёй запытанай інфармацыі.