Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч прыгадаў гісторыю, якая здарылася зь ім і Сабчаком шмат год таму у Нямеччыне


Споўнілася 15 год, як ня стала папулярнага расейскага палітыка і былога мэра Пецярбурга Анатоля Сабчака. З гэтай нагоды беларускія палітыкі ўзгадваюць Анатоля Сабчака.​

Станіслаў Шушкевіч сустракаўся з Анатолем Сабчаком некалькі разоў і падчас Зьезду народных дэпутатаў СССР, і па жыцьці:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Я захапляўся гэтым чалавекам. І ніколі ніводная сустрэча не абыходзілася бяз добрага жарту. Разважаў ён вельмі лягічна, гаварыў вельмі канстуктыўна, і заўсёды не каб сябе паказаць, а па справе. Мы зь ім былі ў Вольфсбургу (гэта базавы горад фірмы „Фольксваген“) па розных лініях, але ў адзін час. Удзельнічалі там у розных імпрэзах, былі ў музэі млыноў, былі на нейкай выставе. Анатоля Сабчака там вельмі цёпла сустракалі. Я хадзіў па гэтай выставе, разглядаў экспанаты, нейкія тэхнічныя дэталі. Там было нейкае слабое сьвятло. Убачыў пімпачку, думаю, націсну гэты гузік, уключыцца асьвятленьне. Націснуў. Сапраўды, сьвятло ўключылася, але раздаўся і аглушальны звон. Аказалася, немцы рыхтавалі сюрпрыз для Сабчака. Яны адлілі копію царкоўнага звана, якога некалі адлівалі ў Нямеччыне, але пасьля блякады Ленінграду ён быў зьнішчаны. Атрымалася, што я яго заўчасна ўключыў.

Сабчак пажартаваў, што я апярэдзіў немцаў. Мы з таго часу пасябравалі яшчэ болей. Але я заўсёды сачыў за яго дзейнасьцю. Быў вельмі занепакоены, калі да яго расейскія ўлады пачалі дрэнна ставіцца. Ён, на маю думку, быў цудоўным чалавекам, разумным, мудрым палітыкам. Але вы ж бачыце, што ягоны гадаванец утварае зараз такое, што сорамна, так што ўсё ў гэтым сьвеце адбываецца нечакана, так як нечакана ўзьвіўся Пуцін на роўным месцы».

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Віктар Карняенка пры канцы 1980-х быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і намесьнікам старшыні Гомельскага гарсавету. Анатоль Сабчак тады ачольваў Ленінградзкі гарсавет.

«У 1989 годзе я дамаўляўся з Анатолем Сабчаком, калі запрацаваў нанова абраны Ленсавет, каб дапамог з працоўнымі дакумэнтамі, плянамі, рэглямэнтамі нашаму Гомельскаму гарсавету. Я лічу, што зорнай была яго праца ў камісіі Зьезду народных дэпутатаў СССР па падзеях у Тбілісі. Ён тады паказаў сябе прынцыповым, бескампрамісным чалавекам. І зараз я паглядзеў, так бы мовіць, падборку людзей, якіх ён прывёў у палітыку: Пуцін, Мядзьведзеў, Сечын — цэлая плеяда, даволі дзіўная і нечаканая. Прынцыповы, надзвычай адказны, мудры палітык, але, відаць, не зусім добра разьбіраўся ў людзях, на жаль».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG