Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі дзяржава пяройдзе на беларускую мову, то і людзям будзе прасьцей»


Маладая спадарыня: «Любоў да мовы трэба зь дзяцінства прывіваць. Школа. Сям’я. Дзець калі чуюць вакол сябе, што ўсе гавораць па-расейску, то і самі гавораць па-расейску. А калі ў сям’і прывіваюць любоў да роднай мовы, беларускай, то дзіця гэта будзе адчуваць, разумець і гаварыць».

Юнак: «Даць людзям годную альтэрнатыву. У нас жа ў школах, напрыклад, навучаньне адбываецца пераважна на расейскай мове. Людзям трэба даць выбар. Калі сапраўды роўнапраўе моваў будзе, а ня толькі радок у канстытуцыі, то тады наагул можна будзе адмаўляцца ад расейскай мовы».

Спадарыня сталага веку: «Мы ў свой час у вёсцы ўсе прадметы вывучалі на беларускай мове. А калі цяпер перавесьці ўсё на беларускую мову, то падрастаючае пакаленьне паламае стэрэатыпы і будуць гаварыць на роднай».

Юначка: «Трэба быць патрыётам найперш. А калі чалавек патрыёт, то ён любіць сваю краіну, то і будзе гаварыць на беларускай мове. Яшчэ гэта ад дзяржавы залежыць. Калі дзяржава пяройдзе на беларускую мову, то і людзям будзе прасьцей».

Юнак: «Забарону ўвесьці на расейскую мову. Іначай ніякай. Беларускую мову адрадзіць, я думаю, што нельга ўжо».

Юначка: «Трэба больш праводзіць нацыянальных сьвятаў, каб людзі пачалі задумвацца пра свае карані. Гэтыя сьвяты павінны праходзіць на беларускай мове менавіта».

Юнак: «Расейская мова цяпер — гэта мова ўзаемінаў, справаводзтва ды мова атрыманьня вышэйшай адукацыі. Для таго, каб мы ўсе загаварылі на беларускай мове ўсе гэтыя тры важкія сфэры жыцьця чалавека варта перавесьці на беларускую мову. А гэта можа здарыцца толькі ў наступным пакаленьні».

Юначка: «Ствараць спэцыяльныя школы, дзе будуць гаварыць толькі на беларускай мове. Больш трэба беларускамоўных падручнікаў, бо іх цяпер замала. Патрэбны стымул. Трэба захапіцца гэтым. Вядома ж я падручнікі не напісала б, але дапамагла б. Старалася б сама вывучыць беларускую мову і весьці на ёй урокі».

Спадар: «Яе трэба неяк папулярызаваць, але не навязваць, бо калі навязвае, горш атрымліваецца каб цікавасьць была б. І каб беларуская мова была сапраўдная, а ня тая якая пасьля дваццатых гадоў, якую „саўнаркомаўка“ называюць».

Спадарыня: «Трэба больш гаварыць на беларускай мове, а то ў нас паўсюдна расейскай і расейская. Каб больш было мовы беларускай...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG