Басманны суд Масквы перанёс на 4 сакавіка разгляд скаргі ўкраінскай лётніцы Надзеі Саўчанкі на адмову сьледчага адпусьціць яе на пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
У канцы студзеня Саўчанка, якую ўвосень мінулага года абралі дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад партыі «Бацькаўшчына», атрымала статус сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ). Тады ж ПАРЭ надала зьняволенай украінцы міжнародны імунітэт і заклікала расейскія ўлады неадкладна вызваліць яе.
Па вэрсіі сьледзтва, Надзея Саўчанка карэктавала агонь з украінскага боку, калі пры абстрэле пад Луганскам летась у чэрвені загінулі два расейскія журналісты.
30 студзеня ёй было прад’яўлена новае абвінавачваньне — у незаконным перасячэньні мяжы. Украінская лётніца абвінавачваньні адмаўляе і сьцвярджае, што яе выкралі і пераправілі ў Расею сэпаратысты.