Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат на прэзыдэнта Польшчы: «Беларусь захопіць Польшчу за два дні»


Кандыдат на прэзыдэнта Павал Кукіз раскрытыкаваў стан польскай арміі. «Пан Кукіз ня мае паняцьця, пра што гаворыць», — напісаў у адказ міністар абароны Польшчы.

Паводле дэпутата Дольнасьлёнскага сэйміку Паўла Кукіза, цяперашні прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі часткова вінаваты ў тым стане, які склаўся ў польскім войску.

У размове з польскім радыё TOK FM Кукіз падкрэсьліў, што цяперашні прэзыдэнт прычыніўся да такога стану польскай арміі, што цяжка яе назваць арміяй. Кукіз спаслаўся на словы генэрала Славаміра Пэтэліцкага, які заявіў, што Беларусь захапіла б Польшчу за два дні: «Армія ўвайшла б у Польшчу у 16:35, бо ў 16:30 войска заканчвае службу, і толькі ў 7:30 пачынаецца праца. Гэтага часу хопіць, каб захапіць краіну».

«Наколькі я памятаю, 200 генэралаў, 1600 палкоўнікаў і 33 тысячы шарагоўцаў — гэта 18 шарагоўцаў на генэрала ці палкоўніка. Як тут сур’ёзна гаварыць пра абароназдольнасьць ці з гонарам казаць пра быцьцё галоўнакамандуючым арміі», — заявіў Кукіз і дадаў:

— Найперш мусяць быць нейкія сілы! Іх няма, шарагоўцы ўцякаюць з войска.

Гэтыя заявы Кукіза пракамэнтаваў на сваім твітэры кіраўнік польскага міністэрства абароны Томаш Сэманяк: «У службе ў Польскім Войску цяпер 86 генэралаў. Пан Павэл Кукіз ня мае паняцьця, пра што гаворыць».

Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў адбудзецца ў Польшчы 10 траўня. Такую дату абвясьціў у сераду сьпікер польскага Сэйму Радаслаў Сікорскі. За самую высокую пасаду ў дзяржаве мае намер пазмагацца Браніслаў Камароўскі (і ў яго самыя вялікія шанцы на перамогу, нават у першым туры — 55% галасоў падтрымкі). За кандыдата Права і справядлівасьці Анджэя Дуду намераны галасаваць 25% выбарцаў, за Магдалену Агурэк ад левых сілаў — каля 5%. У астатніх кандыдатаў, у тым ліку ў Кукіза, вельмі невялікі патэнцыял перамогі — усяго некалькі адсоткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG