Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомель прыйшла «Мова Нанова»


 Глеб Лабедзенка і Алеся Літвіноўская
Глеб Лабедзенка і Алеся Літвіноўская

На першыя заняткі прыйшлі каля сотні гамельчукоў рознага ўзросту, але найбольш — моладзі. Заснавалі гэтыя курсы год таму менскі журналіст Глеб Лабадзенка і філёляг Алеся Літвіноўская.

Адкрываючы курсы, Лабадзенка зазначыў, што ў сьнежні іхная ініцыятыва атрымала дзяржаўную рэгістрацыю і стала афіцыйна называцца так: Сацыяльна-культурная ўстанова разьвіцьця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова».

Слухачы курсаў будуць называцца студэнтамі, займеюць адмысловыя білеты зь пячаткай установы «Мова Нанова» — прынамсі, усе тыя, хто прыйдзе на другія і наступныя заняткі. А білет яшчэ й дае права на зьніжкі ў пэўных крамах і фірмах.

На першых занятках разам з выкладчыкамі слухачы курсаў выбралі сабе імёны. На экран выводзілі варыянты імёнаў саміх студэнтаў. Да прыкладу, Уладзіміра можна называць і па-іншаму: Валодзік, Валодзька, Ладзік, Уладзік, Уладзь, Ладысь, Уладысь, Уладамір, Ладамір — выбіралі па густу!

Пазнаёмілася грамада на занятках і зь безэквівалентнай лексікай — гэта калі словы, які абазначаюць прадметы і рэаліі, характэрныя толькі для аднаго народу. У беларускай мове іх больш за тысячу: верашчака, дзядзькаваньне, глюга, амшара, ваўкалак, цагельня і г.д.

Разгледзеджана была і асобная тэма «Крама» — гэта калі беларус ідзе на закупы ў гандлёвую кропку ня толькі з грашыма, але і багатым запасам адпаведных беларускіх слоў. Такі ня скажа «весы», бо ў ягонай лексіцы ёсьць «вагі», «шалі».

Гульнёвыя сытуацыі, прапанаваныя выкладчыкамі, паказалі, што гамельчукі вучацца хутка і спраўна: родная мова жыве ў генах. Нездарма ж некалі клясык заўважыў: калі б беларусу дазволілі быць беларусам, то які б гэта быў добры беларус.

Гульнявы момант. Крама
Гульнявы момант. Крама

Ліцэіст Міхаіл дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра інцыятыву «Мова Нанова»:

«Тут значна весялей, чым на нашых ліцэйскіх занятках. Я прыйшоў сюды, каб больш ведаць. У нашай сям’і размаўляюць па-беларуску. Але ў горадзе, на жаль, няшмат людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Гэта выдатная ініцыятыва».

Глеб Лабадзенка патлумачыў, чаму Гомель, найбольшы горад пасьля сталіцы, стаў апошнім абласным цэнтрам, куды дабралася «Мова Нанова»:

«Мы чакалі, пакуль усё складзецца: выкладчыкі, памяшканьне, слухачы. З Гомеля нам даўно пісалі: калі адкрыеце ў нас курсы? Адказ быў такі: „Ніколі, пакуль не паварушыцеся“. Мы ж ня можам зь Менску гэтыя курсы тут праводзіць. І калі знайшліся мясцовыя людзі, згодныя гэта рабіць рэгулярна, па распрацаванай намі праграме, знайшлося гэтае цудоўнае памяшканьне, філія Веткаўскага музэю з цудоўнымі ручнікамі, фатаздымкамі, у парку па-над Сожам — вось мы і тут».

Заняткі цягнуліся каля трох гадзінаў. Калі тэмы былі вычарпаныя, выкладчыкі саступілі сваё месца салісту Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Сяргею Доўгушаву. Ён выконваў беларускія песьні пад гітару: народныя — зь Ельскага раёну, на словы Ўладзімера Караткевіча, напісаныя ў Рагачове. Іграў на розных дудачках, акарыне, драўлянай трубе. А пры канцы студэнты з Доўгушавым гуртам развучылі народную песьню: «Раса росу расіла».

У Гомель прыйшла «Мова Нанова»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:56 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG