Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вішнёў: Многае ў нас засталося ад сярэднявечча


Зьміцер Вішнёў
Зьміцер Вішнёў

У дзень адкрыцьця ХХІІ кніжнай выставы-кірмашу ў Менску спыніла сваё існаваньне незалежная кнігарня «Галіяфы».

Чаму гандаль кнігамі становіцца для беларускіх недзяржаўных выдаўцоў усё большай праблемай, і як яе можна вырашыць? Госьцем перадачы — дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў.

— Зьміцер, вось і прайшла разьвітальная сустрэча ў кнігарні «Галіяфы». Усё ж ці ўсё было зроблена дзеля яе захаваньня?

— Наша кнігарня для пакупнікоў зачынілася яшчэ ўлетку мінулага году. З таго часу мы прыкладалі вельмі шмат намаганьняў, каб аднавіць яе дзейнасьць, і да апошняга моманту спадзяваліся на лепшае. На жаль, усе нашы высілкі былі дарэмнымі. Уладальнікі памяшканьня, якое мы арэндавалі, насустрач нам не пайшлі, бо паводле новага закону, які выйшаў летась, трэба пераводзіць арэндаваную плошчу ў іншы статус. Памяшканьне ў іншы статус не пераводзілася, і атрымалася, што мы столькі часу дарэмна спадзяваліся, верылі абяцанкам. Урэшце нам паведамілі: гандлю кнігамі тут больш ня будзе. Бог ім судзьдзя.

— Колькі часу праіснавала кнігарня?

— Усяго чатыры з паловай месяцы.

— Вы ў тым памяшканьні зрабілі рамонт. Як дорага ён вам абышоўся?

— Па самых сьціплых падліках — каля 10 тысячаў даляраў. Гэта і мае асабістыя грошы, і сродкі маіх сяброў, і выдавецтва.

— Наколькі дапамагала кнігарня выдавецтву? І ці моцна адаб’ецца на яго дзейнасьці адсутнасьць сваёй гандлёвай кропкі?

— Я заўсёды быў аптымістам і не хачу рабіцца пэсымістам. Я па жыцьці змагар, змагаўся і буду змагацца за беларускую культуру. Мы прыкладзем усе намаганьні, каб выжыць. Я проста перакананы

Насамрэч, з кнігарняй нам было прасьцей выжываць

ў тым, што застанецца ня толькі выдавецтва, а праз пэўны час мы абавязкова паспрабуем адчыніць новую культурніцкую пляцоўку. Бо кнігарня «Галіяфы» была менавіта пляцоўкай, дзе праводзіліся прэзэнтацыі ня толькі нашых кніжак, але і другіх незалежных выдавецтваў. Праводзіліся міні-выставы, круглыя сталы, іншыя імпрэзы. Насамрэч, з кнігарняй нам было прасьцей выжываць. Гэта быў вельмі ўдалы творчы тандэм. Як паказвае практыка, для маленькіх незалежных выдавецтваў вельмі важна мець сваю пляцоўку. Не сакрэт, што ім сёньня вельмі цяжка прадстаўляць свае кніжкі на іншых пляцоўках.

— Распаўсюд кніг — ці ня самая вялікая праблема беларускіх незалежных выдаўцоў. Нават калі аўтар і выдавецтва знаходзяць грошы і шлях да варштату Скарыны, кніга ў выніку не заўсёды даходзіць да чытача. Як можна вырашыць гэтую праблему?

— Нам вельмі патрэбная асацыяцыя незалежных кнігавыдаўцоў. Спадзяюся, сёлета яна ўсё ж будзе створаная, бо ідэя гэтая лунае ў паветры ўжо некалькі гадоў. Менавіта такая структура зможа наладзіць сыстэму кнігараспаўсюду. Такіх пляцовак, як кнігарні «Галіяфы» і «Логвінаў», павінны быць дзясяткі. Як мінімум яны мусяць быць у кожным абласным горадзе. Нам трэба прапагандаваць беларускую літаратуру, трэба, каб нашых літаратараў ведалі. Мы сёньня супрацоўнічаем зь дзяржаўнай «Белкнігай», але тут ёсьць праблема. Калі мы адгружаем кнігі, то мусім заплаціць падаткі ў наступным месяцы. Гэта даволі вялікія грошы. Невядома, калі прададуцца кнігі, а падаткі заплаці.

— Гэтымі днямі ў Менску праходзіць міжнародны кніжны кірмаш, у якім «Галіяфы» не бяруць удзелу. А калі б удзельнічалі, якія свае кнігі прадставілі б? Назаві дзясятку.

— Мы вельмі хацелі ўзяць удзел у кірмашы, але нам паведамілі, што няма вольных месцаў. Прычым адмовілі ня толькі нам. Што мы прадставілі б? Натуральна, навінкі. Магу назваць кнігу «Брамнік заўжды самотны» Юрыя Станкевіча, «Настальгію» Сяргея Абламейкі, «Кнігу памылак» Юліі Цімафеевай, «Трынаццаць дзён» Анатоля Кудласевіча, «Дзеці Аліндаркі» і «Ніякай літасьці Альгерду Б.» Альгерда Бахарэвіча, «На хвалях часу» Ўладзімера Церабуна, «Краіну нязьдзейсьненых мараў» Юрыя Гуменюка, «Круты ўзьлёт» Уладзімера Несьцяровіча, «Баваўняную дзяўчынку» Дар’і Вашкевіч. 2014-ты для нас быў даволі ўраджайным годам.

— Нядаўна мне трапілася на вочы чыёсьці трапнае вызначэньне: «Кніга — выратавальны круг, кінуты ў адзіноту». А што для цябе, выдаўца са стажам, кніга?

— Першую кнігавыдавецкую ліцэнзію я атрымаў у 18 гадоў. Так што кнігі

Першую кнігавыдавецкую ліцэнзію я атрымаў у 18 гадоў

выдаю ўжо 23 гады. Для мяне кніга — найперш твор мастацтва. Яна павінна быць прыгожай звонку і не вычварнай усярэдзіне. Для мяне выслоўе «словам можна забіць» цалкам прымальнае, таму са словам трэба абыходзіцца асьцярожна, слова трэба песьціць, любіць, шанаваць. Кнігавыданьне — вельмі адказная справа, і я стараюся ставіцца да яе з адказнасьцю. Для мяне кожная кніга — як дзіця, якім трэба займацца. У нашых умовах кожная кніга шматпакутная. Трэба знайсьці фінансаваньне, дасьведчанага рэдактара, мастака-дызайнэра. Кожная кніга — гэта вынік супольнай працы выдавецтва. За тыя гады, што існуе выдавецтва «Галіяфы», яно займела брэнд, да нас ставяцца з павагай, бо пераважная большасьць нашых кніг запатрабаваная чытачамі.

— А ці ёсьць кнігі, за якія табе як выдаўцу сорамна?

— Напэўна, ёсьць, і, відаць, не адна. Але я так глыбока гэта хаваю... Думаю, адсоткаў дзесяць выдадзеных кніг выклікаюць нездавальненьне. Часам выйдзе кніга, і ты бачыш недарэчнасьці: не таго рэдактара ці мастака падключыў. Так у любой справе бывае. Але ж ёсьць чым і ганарыцца. У сёлетні сьпіс прэміі Гедройца ўвайшлі ажно сем нашых кніг. Спадзяюся, што і ў лонг-, і ў шорт-ліст нашы кнігі таксама трапяць.

— Ты сам таленавіты пісьменьнік, твае кнігі выходзяць і за мяжой. Вось і летась у Нямеччыне выйшаў раман «Замак пабудаваны з крапівы». Калі ты расказваеш сваім замежным калегам пра тое, што адбываецца ў Беларусі, як яны рэагуюць?

— Рэагуць па-рознаму. Найперш іх вельмі зьдзіўляе, што беларускім кнігавыдаўцам трэба здаваць іспыт, каб атрымаць рэгістрацыю. Зьдзіўляюцца замежнікі таксама, калі распавядаеш ім пра нашы спэцыфічныя рэаліі, пра тое, як мы распаўсюджваем кнігі, як ладзім прэзэнтацыі. Многае для іх гучыць дзіўна. Беларусь — нібыта эўрапейская краіна, а часам думаеш: многае ў нас засталося ад сярэднявечча. І ўсё ж агульнымі намаганьнямі самых розных незалежных кнігавыдавецкіх структураў мы сытуацыю выправім. Мы прыйдзем да таго моманту, калі зможам сьмела сказаць: мы — цэнтар Эўропы, у нас усё ў парадку. Я ў гэта веру.

У Менску закрылася кнігарня «Галіяфы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:32 0:00

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG