Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ў цывільным з рацыямі — ад Палаца Незалежнасьці да аэрапорту


Якія меры бясьпекі былі ўжытыя ў Менску падчас саміту? Як у гэты дзень працавалі міліцыя і спэцслужбы? Зь якімі нязручнасьцямі давялося сутыкнуцца жыхарам гораду?

Паводле супрацоўніка адной з раённых упраў міліцыі Менску, на працу сёньня выкліканыя ўсе міліцыянты, якія толькі ёсьць у штаце. Да таго ж іх папярэдзілі, што працаваць, магчыма, прыйдзецца ўсю ноч. На маё пытаньне пра захады бясьпекі з боку міліцыі ў сувязі з самітам прэсавы сакратар сталічнай міліцыі Аляксандар Ластоўскі заявіў, што надзвычайнай мабілізацыі няма, але, сапраўды, міліцыя працуе ўва ўзмоцненым рэжыме.

«Так, вялікая колькасьць асабовага саставу задзейнічаная. Але трэба ж разумець, што розныя службы міліцыі мусяць працаваць. Бо і крымінал таксама ня сьпіць у шапку, а шукае любой магчымасьці застацца без нагляду. Але і сапраўды, ёсьць жа дыпляматычны пратакол, патрабаваньні бясьпекі, якія нас тычацца, і мы мусім ім адпавядаць».

Міліцыянтаў у форме ў цэнтры Менску сапраўды зьнешне не паболела. Выключэньне — супрацоўнікі ДАІ, якія яшчэ да абеду пазаймалі пазыцыі на вузлавых скрыжаваньнях праспэкту Незалежнасьці, праспэкту Пераможцаў і на Арлоўскай вуліцы побач з палацам Незалежнасьці. Але бліжэй да вечара на ўсіх выездах на гэтыя магістралі заступілі на дзяжурства супрацоўнікі ў форме і ў цывільным з рацыямі ў руках. Іх абавязак — сачыць за сытуацыяй і пра ўсё падазронае дакладваць кіраўніцтву. Як паведаміў калега Ігар Карней, які апоўдні выправіўся ў аэрапорт «Менск-2», такія самыя дзяжурныя ўжо былі расстаўленыя ўздоўж усёй трасы ў аэрапорт:

«Па дарозе на ўсіх скрыжаваньнях, разьездах стаяць аўтамабілі ДАІ. І яшчэ за ўсімі трансфарматарнымі будкамі, якія праз кожныя 2–3 кілямэтры, дык за імі за кожнай хаваецца чалавек у цывільным, у шапачцы. Каля самага аэрапорту вельмі шмат міліцэйскіх аўтамабіляў, але каб былі вайскоўцы са зброяй, такога няма».

Захады бясьпекі прынятыя, мяркуючы па назіраньнях, таксама адносна мастоў і пуцеправодаў на шляху з аэрапорту да цэнтру Менску і да Палаца Незалежнасьці. Назіральнікі адзначаюць, што такія самыя захады робяцца і тады, калі ў аэрапорт едзе Аляксандар Лукашэнка ці калі ён вяртаецца ў Менск з аэрапорту. Гэтаксама і сёньня пад мастамі дзяжураць супрацоўнікі ў цывільным з рацыямі, асобныя супрацоўнікі шпацыруюць туды-сюды зьверху, па ходніках пуцеправодаў. Асноўная задача гэтых службоўцаў — не дапусьціць тэрактаў праз падрыў камунікацыяў. Мяркуецца, што ў такой працы задзейнічаныя і супрацоўнікі спэцслужбаў, але пацьвердзіць гэта не ўдалося. Кіраўнік управы сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Артур Стрэх на пытаньне пра захады бясьпекі з боку КДБ у сувязі з самітам заявіў, што «ніякіх камэнтароў ня будзе».

Найбольш відочная сёньня, у дзень саміту, дзейнасьць супрацоўнікаў ДАІ. Яна адбілася і на жыцьці звычайных аўтамабілістаў. Гэтак, з раніцы да 19 вечара забаронена стаянка аўтатранспарту на вуліцах Леніна, Камуністычнай і Інтэрнацыянальнай у цэнтры гораду. Гэта тое, што абвешчана афіцыйна. Між тым аўтамабілісты цягам дня паведамлялі, што сутыкаліся з закрыцьцём парковак і ў іншых месцах у цэнтры сталіцы, а што да парковак у раёне Палаца Незалежнасьці, то яны былі пазакрываныя ўжо ў абед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG