Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Эйсмант: пра заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы Лукашэнкі адназначнай гаворкі няма


У Палацы незалежнасьці
У Палацы незалежнасьці

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка будзе сустракаць удзельнікаў «нармандзкай чацьвёркі» прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель, прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку і прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Палацы Незалежнасьці.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці заплянаваныя нейкія двухбаковыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі «нармандзкай чацьвёркі», прэс-сакратар беларускага прэзыдэнта Натальля Эйсмант адказала так:

«Першы борт прыбывае пасьля 17 гадзіны. Пятро Парашэнка прыбудзе ў Менск першым, таму сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны магчымая. Пра тое, што нейкая адна з двухбаковых сустрэчаў заплянаваная, мы адназначна гаворкі не вядзем. Плянаў такіх няма. Фармат такі даволі рухомы сёньняшніх вячэрніх перамоваў. І сустрэчы магчымыя. Аднак ніякай канкрэтыкі пакуль не магу паведаміць», — сказала карэспандэнту Свабоды Натальля Эйсмант.

Пра сустрэчу паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны Ўладзімерам Пуціным і Пятром Парашэнкам было абвешчана 8 лютага Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў гатоўнасьць Беларусі арганізаваць сустрэчу, яшчэ калі быў у кароткатэрміновым адпачынку ў Сочы.

«Нармандзкім фарматам» называюць перамовы па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне, у якіх бяруць удзел дэлегацыі ад Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны. Упершыню прадстаўнікі гэтых дзяржаваў вялі перамовы па гэтым пытаньні ў чэрвені 2014 году ў Нармандыі, на ўрачыстасьцях, прысьвечаных 70-годзьдзю высадкі ангельскіх і амэрыканскіх войскаў у Францыі. Пасьля чэрвеня 2014 году сустрэча ў «нармандзкім фармаце» адбылася 17 кастрычніка 2014 году ў Міляне (Італія) падчас форуму «Азія — Эўропа».

Сустрэчу лідэраў чатырох краінаў плянавалася правесьці ў Астане (Казахстан) у сярэдзіне студзеня гэтага году, аднак яна не адбылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG