Пра гэта паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак. Паводле іх зьвестак, абстрэл адбыўся каля 8.00, разарваліся некалькі ракет. Іншыя падрабязнасьці пакуль невядомыя.
Паводле паведамленьня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, у выніку ўчарашняга абстрэлу горада Краматорска Данецкай вобласьці загінулі 15 чалавек. Між тым Данецкая аблдзяржадміністрацыі са спасылкай на дэпартамэнт аховы здароўя вобласьці паведамляе аб 12 загіблых.
У аўторак, 10 лютага, каля 12.30 адбыўся абстрэл Краматорска. Ракеты трапілі ў ваенны аэрадром, а таксама ў прыватным сектары ў ваколіцах Краматорска. Паводле зьвестак прэс-цэнтра антытэрарыстычнай апэрацыі, баевікі выкарыстоўвалі 300-міліметровыя рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Сьмерч».
Сэпаратысты на сваіх сайтах сьцьвярджаюць, што ня маюць дачыненьня да абстрэлу. Паводле зьвестак місыі АБСЭ, ракеты былі выпушчаныя з Горлаўкі, захопленай сэпаратыстамі і расейскімі войскамі. Галоўная вайсковая пракуратура Ўкраіны па факце абстрэлу Краматорска завяла крымінальную справу па артыкуле «тэракт».