Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніжэньне коштаў на расейскую гарэлку не завабіла беларусаў на закупы


Пакупнікі дзівяцца: гарэлка ня стала таньнейшай
Пакупнікі дзівяцца: гарэлка ня стала таньнейшай

«Шопінг» у памежных гарадах Расейскай Федэрацыі ўжо далёка не такі папулярны, як раней. Кошты ў расейскіх крамах надзейна «прывязаныя» да цяперашняга курсу даляра, які няўхільна расьце, і сэнсу ў паездках на закупы практычна няма. Нават шырока абвешчанае зьніжэньне кошту на гарэлку з 1 лютага не завабіла беларусаў.

Першае, што зьвяртае на сябе ўвагу — гэта практычна пустыя вагоны ў дызель-цягніках расейскага накірунку. Раней у Віцебску загружаліся ў вагоны сама меней дзясяткі тры чалавек з вялікімі торбамі на колцах. Цяпер такіх пасажыраў — адзінкі.

Машыны зь беларускімі нумарамі ёсьць, але мала
Машыны зь беларускімі нумарамі ёсьць, але мала

Куды меньш стала і аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі каля смаленскіх гіпэрмаркетаў і кірмашоў. Яшчэ месяц таму і напярэдадні Новага году беларусы ехалі ў Смаленск па танную бытавую тэхніку, калі яна прадавалася па коштах, суадносных са «старым» курсам даляра. Цяпер тэлевізары і мікрахвалёўкі каштуюць столькі ж, колькі і ў Беларусі.

Па завядзёнцы хто-ніхто прыязжае ў Смаленск па танныя харчы. На кірмашы гуртам можна набыць крыху таньнейшыя цукеркі, рыбу, каву і гарбату. Але папулярны раней гуртавы кірмаш зараз практычна пусты: харчы падаражэлі, і гэта адчуваюць не толькі прыезжыя беларусы, але найперш тутэйшыя, смаляне.

Адзіны прадукт, на які ў Расеі абвешчана зьніжэньне коштаў — гэта гарэлка. З 1 лютага паводле загаду адмысловага ведамства пад назвай «Росалкагольрэгуляваньне» мінімальны кошт гарэлкі ў краме мусіць складаць 185 рублёў, або 2,8 даляра па цяперашнім курсе.

Але ў сапраўднасьці гарэлкі па такім кошце няма Яе марна шукаюць пакупнікі-беларусы ў бліжэйшым ад вакзала гіпэрмаркеце «Лінія»:

«Казалі, будзе 185 рублёў, а дзе яна? Нешта няма! Я вось таксама шукаю, а кошты толькі такія. Відаць, на іх яшчэ праверку не напусьцілі... Мы былі ў „Магніце“ на Папоўцы, там 205 рублёў. А тут —вось такія кошты»...

За 205 рублёў гарэлку можна было набыць і да абвяшчэньня пра зьніжаныя кошты. А ў «Лініі» самая танная гарэлка мясцовай вытворчасьці, цяпер каштуе 220 рублёў і 90 капеек. Прадукцыя смаленскага заводу «Бахус» нават падаражэла. Пра гэта папярэджвала адміністрацыя прадпрыемства, бо сыравіна для вытворчасьці з ростам курса даляра таньнейшай не становіцца.

Жоўты цэньнік – адзнака самага таннага тавару ў "Лініі"
Жоўты цэньнік – адзнака самага таннага тавару ў "Лініі"

Зьніжэньне кошту на гарэлку анансавалася ў якасьці захадаў па захаваньні здароўя нацыі. Інтэрнэт- крыніцы спасылаюцца на выказваньне Ўладзімера Пуціна пра тое, што падвышаць кошты на гарэлку, у адрозьненьне ад іншых прадуктаў спажываньня, проста недапушчальна: маўляў, расейцы і так спажываюць шмат няякаснага, сурагатнага алькаголю.

Па такі алькаголь у Смаленску далёка хадзіць ня трэба. Каля плоту Жаляпаўскага кірмаша стаяць гандляры, якія не выдаюць свайго роду заняткаў, — прыкідваюцца, што чакаюць «маршрутку» Але шэптам рэклямуюць мінакам «дарагую» гарэлку па 170 рублёў і танную — ўвогуле за 100. Калі пералічыць на беларускія грошы, атрымаецца прыкладна 22 з паловай тысячы! На пытаньне, чыёй вытворчасьці такі прадукт, гандляр хітра пасьміхаецца і адказвае «Была наша — будзе ваша!». І прапануе пакаштаваць, працягваючы руку некуды пад плот, каб дастаць бутэльку...

Мінак, падышоўшы з другога боку, перасьцерагае:

«Падробка! Як гарэлка можа каштаваць 100 рублёў, калі адпускны кошт — 180?»

Дарэчы, гарэлку «з-пад плоту» за 100 рублёў рэклямуюць як беларускую. Брэнд «Зроблена ў Беларусі» шмат у каго са смалянаў асацыіруецца са «знакам якасьці». Таму за беларускія прадукты тут вельмі часта выдаюць свае, расейскія...

Што да беларусаў, то ў чаканьні дызель-цягніка на смаленскім вакзале яны без асаблівай радасьці перабіраюць зьмесьціва сваіх ня дужа поўных сумак. Бутэлькі ў сумках не бразгаюць.

Дужа шмат не набылі
Дужа шмат не набылі

У аднаго з беларусаў-«чаўнакоў» пытаюся, ці выгадна везьці ў Віцебск гарэлку, калі ў Смаленску яна каштуе 220 рублёў. Спадар звыкла дастае калькулятар:

«220 расейскіх рублёў — гэта нашымі 61 380. Дык тады гэта даражэй, як у нас. А калі ўзяць іхны мінімум, 185 рублёў, дык атрымліваецца 51 615... Ніякага сэнсу няма вазіць, нават скрынямі. Выгадней «палёнкай» займацца. Вунь колькі ў нас такіх падпольных заводаў зачыняюць штогод у Віцебскай вобласьці! А на гарэлцы — не заробім».

Зарабіць на саматужным экспарце харчоў з Расеі цяжка. І прадаваць «зь зямлі» беларускія прадукты каля таго самага Жаляпаўскага кірмаша ўжо таксама перасталі: кошты практычна зраўняліся. А абяцаньні зьнізіць іх хаця б на нешта абарочваюцца падманам — як у Расеі, так і ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG