Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжа з Масковіяй, якую бачна з космасу


У Гомелі 6 лютага прэзентавана манаграфія Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага» (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.)«. Прэзэнтацыю зладзілі картограф, кандыдат гістарычных навук Дзьмітры Віцько і выдавец, кандыдат філязофскіх навук Валер Булгакаў.

Кніга амаль на паўтысячы старонак выдадзена таварыствам «Інбелкульт» у Смаленску пры канцы мінулага года. Як пазначыў у прадмове навуковы рэдактар выданьня, доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў, у пазначаны аўтарам пэрыяд «адбываўся працэс „разьмеркаваньня“ ўсходнеславянскіх зямель паміж двума палітычнымі цэнтрамі — Вільняй і Масквой. На гэтых землях з канца XY ст. пачалася барацьба за пераразьмеркаваньне памежных тэрыторый і ўладаньняў».

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

На ілюстрацыйных картах, якіх у кнізе больш за тры дзесяткі, бачна, дзе былі межы Вялікага Княства Літоўскага — гарады-крэпасьці Мцэнск, Вязьма, Дарагабуж, Вялікія Лукі, і як яны мяняліся ў выніку шматлікіх войнаў і захопніцкіх набегаў войскаў і атрадаў Маскоўскага княства. Як адзначыў Дзьмітры Віцько, нярэдка гэта былі, на цяперашні манэр, «рабаўнічыя банды», якія спустошвалі, эканамічна разбуралі прылеглыя да Масковіі пэрыфэрыйныя землі ВКЛ. Ладзілі, канечне, выправы на ўсход і літоўскія князі. Прыкладам, Альгерд даходзіў ажно да муроў Масквы. Пасьля працяглых войнаў па ўмовах «вечнага» міру ўсталёўваліся новыя межы — да чарговай вайны.

Картограф Дзьмітры Віцько
Картограф Дзьмітры Віцько

На паказаных падчас прэзэнтацыі кнігі ілюстрацыйных слайдах межы ВКЛ бачны і цяпер — высокія курганы, дзе разьмяшчаліся заставы, валы па берагах рэк і ручаінаў. «Межы ў многіх месцах бачны нават з космасу», — даводзілі грамадзе навукоўцы. Асобны разьдзел у манаграфіі прысьвечаны гомельскай зямлі — Віктар Цемушаў асобна вычаў яе гісторыю. З усіх рэгіёнаў сучаснай Беларусі толькі гомельская зямля ў першай траціне ХYI стагодзьдзя пабывала непрацяглы час пад маскоўскай уладай. Вызвалілі Гомей зь ягоным замкам войскі ВКЛ на чале з гетманам Юрыем Радзівілам. Праблема гомельскай зямлі абмяркоўвалася нават на літоўска-маскоўскіх перамовах у 1537 годзе. Сфармаваная пасьля трохгадовай вайны лінія літоўска-маскоўскай мяжы з некаторымі зьменамі праіснавала ажно да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Як адзначалася на прэзэнтацыі, публікацыяй навуковай працы Віктара Цемушава зроблены важкі ўнёсак ў гісторыяграфію гісторыі Беларусі XIY-XYI стагодзьдзяў. Паспрыялі выданьню кнігі калегі Цемушава, паколькі сам дасьледчык пасьля цяжкай хваробы пайшоў з жыцьця яшчэ ў 2011 годзе.

Даведка Свабоды. Віктар Цемушаў нарадзіўся 4 сакавіка 1975 г. у Бабруйску. Скончыў гістфак БДУ, працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, выкладаў на гістфаку. Кандыдат гістарычных навук. Займаўся гісторыяй сярэднявечча, аўтар выдатных картаў па гісторыі Беларусі. Трэніраваў дзетак у «Што? Дзе? Калі?» і сам пасьпяхова гуляў у гэтую гульню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG