Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па пытаньнях кіно на падставе рэкамэндацый экспэртнай камісіі па пытаньнях распаўсюджваньня і дэманстрацыі фільмаў забараніла 20 фільмаў і сэрыялаў вытворчасьці Расейскай Фэдэрацыі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы агенцтва.
У сьпісе фільмаў, якія забаранілі да кіна- і тэлепаказу на тэрыторыі Ўкраіны, ёсьць такія фільмы і сэрыялы, як «Служу айчыне», «Спадары афіцэры» ці «Кодэкс гонару». Кіраўнік Дзяржкіно Ўкраіны Піліп Ільенка адзначыў, што «такім фільмам ня месца на ўкраінскіх экранах падчас неабвешчанай вайны супраць Украіны».
У «чорны сьпіс» украінскага Дзяржкіно трапіў і сэрыял расейскай вытворчасьці «Маёр Ветраў» паводле кнігі старшыні афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Галоўны герой твора Чаргінца — вэтэран аўганскай вайны і кадравы афіцэр спэцназу, які змагаецца з міжнародным тэрарызмам, наркатрафікам і злачыннасьцю.
Мікалай Чаргінец зьяўляецца сябрам грамадзкай рады маральнасьці. Ён вядомы яшчэ і тым, што ў 2010 годзе намагаўся забараніць канцэрт «Рамштайну» ў Менску. У 2011 годзе Чаргінец падчас зьезду Саюзу пісьменьнікаў Беларусі заклікаў забараніць выдавецтва «Логвінаў» за зборнік абсурдыскіх вершаў «Непаэзія. Выбраныя піражкі», якую назваў «зьдзекам з літаратуры». Менавіта на гэтую кнігу спасылаўся Чаргінец, калі патрабаваў зачыніць выдавецтва. Пасьля закліку Чаргінца у выдавецтве пачаліся праверкі, а потым суды супраць выдавецтва і кнігарні. Цяпер выдавецтва Ігара Логвінава закрылі, а ягонай кнігарні далі мільярдны штраф.