Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 7 лютага 2015: Спэктакль «Бі-Лінгвы» ў Менску


В. Пескі, Мастоўскі р-н, Гродзенская вобласць - аўтар Лена Лысюк
В. Пескі, Мастоўскі р-н, Гродзенская вобласць - аўтар Лена Лысюк

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Арт-Прасторы ЦЭХ (Менск, праспэкт Незалежнасьці 58) спэктакль «Бі-Лінгвы» — пра чалавека, які знаходзіцца паміж дзьвюх культураў, дзьвюх моваў, двух сьветаў. Праз сваё стаўленьне да мовы герой спрабуе спазнаць сябе, сваё месца ў гэтым сьвеце, свой час у гісторыі, спрабуе знайсьці паразуменьне з навакольнымі альбо ўсьвядоміць немагчымасьць узаемаразуменьня. Рэжысёр: Андрэй Саўчанка; у ролях: Раман Падаляка, Юлія Кадушкевіч, Іван Патапаў, Алена Сідарава, Дзьмітры Тумас, Алеся Самахавец. Пачатак а 19.00.

У гатэлі «Рэнэсанс Менск» адбудзецца дабрачынны баль у падтрымку дзяцей — выхаванцаў SOS-Дзіцячых вёсак Беларусі. Усе фінансавыя сродкі, атрыманыя ад продажу запрашальных білетаў і сабраныя з правядзеньня аўкцыёну унікальных прадметаў мастацтва, будуць перададзеныя для падтрымкі 250 дзяцей-сіротаў і падлеткаў, і больш за 1500 дзяцей з рызыкай страты сям’і.

У гісторыі:

1926 — першы ўсебеларускі краязнаўчы зьезд.

1992 — устаноўчы зьезд Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій.

У памяці:

1546 — нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі, аўтар аднаго зь першых узораў старабеларускай мэмуарнай літаратуры: «Дзёньніка» (1603-1604).

1881 — нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч, беларускі бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык.

1891 — памёр Вінцэсь Каратынскі, беларускі і польскі пісьменьнік і перакладчык.

1892 — нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі, вайсковы і грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў антысавецкага Слуцкага паўстаньня, вязень ГУЛАГу.

1893 — нарадзіўся Рыгор Рак, беларускі краязнавец.

Цытата:

Над рачулкай каліна глядзіцца ў вадзіцу;
У сяле прыгажуня, што толькі дзівіцца.
У каліны і зелень, і квецень, і росы;
У дзяўчыны і росквіт, і ў вочках нябёсы.
Салавей да каліны лятае штовечар;
Стрэў дзяўчыну юнак — голаў страціў навечна.
Адзін песьні каліне пяе несупынна;
Другі ў сэрца ўбірае, што скажа дзяўчына.
Салаўя рада слухаць да раньня каліна;
Пакаханая хлопцам, кахае дзяўчына.
Згляне ў кроплі расы салавей сябе жыва;
У дзявочых вачах — хлопец лёс свой шчасьлівы.
Адзін голас мацуе ў залётах вясеньніх;
Другі сіл набірае для сьветлых зьдзяйсьненьняў.
Бура стрэсла з каліны ўсе кропелькі росаў;
У дзявочых вачах спахмурнелі нябёсы.
Прыляцеў салавей — на сябе не дзівіўся;
Глянуў хлопец дзяўчыну — не ўчуў сябе ў высях.
Салавейка замоўк, паляцеў ён за мора;
Зьбіўся з тропу юнак ад каханьня і гора.
Жыве тая каліна — пяюн адзавецца;
Жыве тая дзяўчына... у памяці сэрца.
Незнарок зноў ляціць салавей да каліны;
Незнарок голаў траціць юнак з-за дзяўчыны.

Вінцэсь Каратынскі, «Два каханьні» (пераклад Уладзімера Мархеля)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG