Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей можна будзе нараджаць ад аднаго бацькі і дзьвюх маці


Вялікабрытанія стала першай краінай, якая дазволіла нараджаць дзяцей з генэтычнага матэрыялу ад траіх людзей.

На гэтым тыдні Палата абшчынаў брытанскага парлямэнту прагаласавала за дазвол выкарыстоўваць генэтычны матэрыял ад дзьвюх жанчын і аднаго мужчыны для нараджэньня дзіцяці. Законапраект яшчэ патрабуе падтрымкі Палаты лордаў. Калі ён такую падтрымку атрымае, першае дзіця ад «дзьвюх мамаў і аднаго таты» можа нарадзіцца ў 2016 годзе.

Прыхільнікі гэтага законапраекту прывіталі галасаваньне ў Палаце абшчын як «добрую навіну для прагрэсіўнай мэдыцыны»; крытыкі заяўляюць, што яны працягнуць змагацца супраць законапраекту, паколькі ён выклікае шмат пытаньняў адносна этыкі і бясьпекі прапанаванай тэхнікі.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран, які падтрымлівае законапраект, сказаў:

«Мы тут не бярэм на сябе ролю Бога, а проста забясьпечваем магчымасьць мець здаровае дзіця для бацькоў, якія хочуць такое дзіця».

Тэхніка, якую прыдумалі адмыслоўцы з Унівэрсытэту ў Ньюкасьле, дазваляе нараджаць здаровых дзяцей жанчыне, у якой гэтак званая мітахандрыяльная хвароба, то бок, пашкоджаная мітахондрыя — частка кожнай клеткі, якая адказвае за ператварэньне харчаваньня ў карысную для арганізму энэргію.

Пашкоджаныя мітахондрыі перадаюцца нашчадкам толькі ад маці — яны могуць спрычыняць у дзяцей пашкоджаньне мозгу, мышачную атрафію, недастатковасьць сэрца і сьлепату. Згаданая тэхніка спалучае генэтычны матэрыял ад пары бацькоў (дзе маці мае пашкоджаную мітахондрыю) са здаровай мітахондрыяй ад донаркі — здаровай жанчыны. Інакш кажучы, арганізм нованароджанага дзіцяці разьвіваецца з генэтычнага матэрыялу ад трох асобаў — аднаго мужчыны і дзьвюх жанчын.

Прапанаваны навукоўцамі мэтад замены мітахондрыі можна правесьці двума спосабамі: а) замяніць пашкоджаную мітахондрыю ў аплодненай мужчынскай спэрмай яйцаклетцы (то бок, тэхнічна ў дзіцячым зародку) мітахондрыяй з аплодненай яйцаклеткі здаровай жанчыны; б) правесьці працэдуру замены мітахондрыі на этапе неаплодненых яйцаклетак хворай і здаровай жанчынаў.

«Гэта сьмелы крок парлямэнту, але гэта адначасова ўзважаны і ўсьвядомлены крок. Для шмат якіх сем’яў ён азначае сьвятло ў канцы тунэлю», — сказала міністар аховы здароўя Вялікабрытаніі Джэйн Элісан.

Апанэнты кажуць, што такая замена мітахондрыі дзеля нараджэньня дзіцяці зьяўляецца «генэтычнай мадыфікацыяй», якая будзе перадавацца з генэтычным матэрыялам праз пакаленьні і можа мець непрадбачаныя наступствы. Калі дазволіць гэты крок, дадаюць яны, дык ён адкрые шлях для наступных генэтычных мадыфікацый дзяцей у будучыні.

Тым часам доктар Гільян Локвуд сказала Бі-Бі-Сі, што законапраект, адобраны Палатай абшчын, зьяўляецца «маленькай зьменай» дзейнага заканадаўства адносна чалавечай рэпрадукцыі.

«Найбольшай праблемай зьяўляецца тое, што гэта апісваецца як «апладненьне in vitro з удзелам трох бацькоў». Насамрэч колькасьць бацькоў-удзельнікаў тут 2,001. Зьмена датычыць усяго дзясятай часткі працэнту чалавечага геному. Гэта ня тая частка, якая генэтычна вырашае, кім чалавек становіцца», — лічыць Гільям Локвуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG