Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў прыме калегаў-прэм’ераў ня ў Менску, а ў Падмаскоўі


Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

У пятніцу, 6 лютага, у дзяржаўнай рэзыдэнцыі Расейскай Фэдэрацыі «Горкі», што ў Падмаскоўі, сустрэнуцца кіраўнікі ўрадаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Расеі і, магчыма, Кіргізстану.

Тут пад старшынствам беларускага прэм’ера Андрэя Кабякова пройдзе паседжаньне Эўразійскай міжурадавай рады. Прэм’еры «разгледзяць актуальныя пытаньні функцыянаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу».

Першая ў 2015 годзе сустрэча кіраўнікоў урадаў ЭАЭС, падобна, будзе складанай. Да гандлёвых войнаў паміж Расеяй і Беларусьсю можа далучыцца і Казахстан. Частка прадпрымальнікаў гэтай краіны зьвярнулася да прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева з просьбай аднавіць мытныя пасты на дзяржаўнай мяжы з Расеяй.

Як пішуць казахстанскія мэдыі, гэтую ідэю спачатку агучылі на паседжаньні Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў. Затым ініцыятыву падтрымаў дырэктар Цэнтру макраэканамічных дасьледаваньняў Алжас Худайбяргенаў. Ён заявіў, што гэта неабходна зрабіць, каб «падтрымаць у цяперашняй няпростай сытуацыі казахстанскую эканоміку і абараніць рынкі ад наплыву расейскай прадукцыі з-за імклівага абвалу расейскай валюты».

Казахстанскі палітоляг Дасым Сатпаеў ня лічыць ідэю вяртаньня мытных пастоў сэнсацыяй:

«Раней Беларусь стварыла такі прэцэдэнт. Але гэта быў крок у адказ на дзеяньні з боку Расеі, якая, былі факты, уводзіла абмежаваньні на транзыт беларускіх тавараў праз сваю тэрыторыю ў Казахстан».

Казахстанская ініцыятыва сьведчыць пра тое, што далёка ня ўсё было прадумана пры стварэньні гэтага саюзу, — кажа Свабодзе беларускі эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Увесь час узьнікаюць нейкія праблемы, якія патрабуюць тэрміновага вырашэньня. Ну і што з таго, што ўвядуць мытныя пасты? Будуць фіксаваць паток грузаў. Але, як я разумею, у межах ЭАЭС няма законнай падставы, каб не прапускаць грузы па тэрыторыі гэтага саюзу. Ніякага ж мыта ўнутры саюзу не прадугледжана.

Вядома, расейскія прадпрымальнікі цяпер у лепшым становішчы, чым казахстанскія і беларускія. Іх валюта цяпер слабейшая, і таму яны маюць прэфэрэнцыі ад экспарту. Але тут нічога ня зробіш.

Калі б у ЭАЭС была адзіная валюта, як, напрыклад, эўра ў Эўразьвязе, то тады такіх праблемаў не было б. А калі ў краін розная валюта, то яны павінны альбо гэта цярпець, альбо аслабляць уласную валюту. Гэта, дарэчы, і рэкамэндуюць беларускія прадпрымальнікі свайму ўраду.

Пытаньне наконт адзінай валюты на тэрыторыі ЭАЭС журналісты задавалі 29 студзеня Аляксандру Лукашэнку. Той адказаў, што такога ня будзе да 2025 году.

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў таксама адзначае пралікі стваральнікаў Эўразійскага эканамічнага саюзу:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Гэта — надзвычайная сытуацыя, якая, безумоўна, не была прадугледжаная стваральнікамі гэтага саюзу. І што яны будуць рабіць цяпер, я ня ведаю. Выходзіць, што краіны, акрамя Расеі, будуць цярпець з-за таго, што яны знаходзяцца ў гэтым саюзе.

Я ня думаю, што Казахстан пойдзе на такі крок. Але тое, што ў гэтага саюзу будзе яшчэ шмат праблемаў наперадзе, у мяне сумневу не выклікае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG