Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Дэбальцава просяць: «Забярыце нас!»


Украінскія валянтэры спрабуюць эвакуяваць жыхароў з Дэбальцава, эпіцэнтру жорсткіх баёў паміж украінскімі вайскоўцамі і прарасейскімі баевікамі, якія спрабуюць у апошнія дні авалодаць горадам.

Украінскі дабрачынны фонд дапамогі арміі «Вярніся жывым» апублікаваў заклік «Аўтобус жыцьця або эвакуацыя Дэбальцава»:

«Заўтра-пасьлязаўтра сумесна з АБСЭ будзе арганізаваны зялёны калідор для вывазу людзей з Дэбальцава. Для арганізацыі вывазу неабходныя вялікія трохдзьверныя аўтобусы гарадзкога тыпу, зь іх лёгка выскокваць пры абстрэле.

Акрамя гэтага, патрэбныя мікрааўтобусы. Яны неабходныя, каб хутка вывозіць людзей з прыгарадаў. У першую чаргу, ляжачых хворых, дзяцей і старых, якія ня ў стане самі дайсьці да прыпынку.

Маленькія аўтобусы могуць ганяць па раёнах і прыгарадах, вялікія — вывозіць з гораду. Гэта будзе апошні шанец, пасьля якога ў Дэбальцава прыйдзе сьмерць у выглядзе сэпаратысцкай артылерыі».

Валянтэры Натальля Варанкова і Дыяна Макарава ў апошнія дні займаліся вывазам людзей з Дэбальцава.

У інтэрвію Радыё Свабода 38-гадовая Натальля Варанкова, маці дваіх дзяцей, кажа, што яна «звычайная валянтэрка, адна з заснавальніц «валянтэрскай сотні»:

— У нас арганізавалася валянтэрская сотня «Дабраволя», і прадстаўнікі гэтай арганізацыі і фонду Дыяны Макаравай, і каманда нашых хлопцаў, езьдзім цяпер ужо на перадавую і дапамагаем выбірацца людзям з так званай «чырвонай зоны», з-пад абстрэлаў.

Гэта не называюць вайной, але, па-сутнасьці, для нас гэта вайна.

— І вы працавалі ў шпіталі?

— Не, я працавала дырэктарам маркетынгава-рэклямнага аддзелу ў фармацэўтычнай кампаніі. З пачаткам падзей на Майдане я пайшла ў валянтэры, пакінула сваю працу.

— Куды вы вывозьце людзей?

— Мы вывозім людзей у бліжэйшы гарадок — Сьвятагорск. Там шмат пансіянатаў, але яны ўжо запоўненыя. Цяпер прымаюць іх іншыя гарады, акумулююць на часовым пункце ў Славянску, і пасьля гэтага іх садзяць у спэцыяльныя прычапныя вагоны, цягнікі і адпраўляюць па ўсёй Украіне. Зараз вельмі добра іх прымае Львоў, прымае Кіеў і іншыя гарады, іншыя вобласьці. У Харкаве ўжо запоўнена трошкі, але імкнуцца ўсё роўна дапамагаць і сяліць. Мы не кідаем гэтых людзей. Мы іх пасялілі, прыйшлі, спыталі аб іх патрэбах ... Вось пазаўчора нас абстралялі, учора мы ўжо прыехалі ў Кіеў, я пасьпела схадзіць у душ, пераапрануцца, мне патэлефанавалі і сказалі, што АБСЭ дамовілася быццам бы аб зялёным калідоры. Я села, патэлефанавала ў нашу Кіеўскую гарадзкую адміністрацыю, сказала: «Хлопцы, дапамажыце, зноў патрэбны аўтобусы». Яны далі аўтобусы, і мы сёньня ў ноч выехалі. Вось цяпер я з вамі размаўляю ўжо з Арцёмаўску. І мы пасьпелі ўчора загрузіцца гуманітарнай дапамогай для дзетак і для ўцекачоў, якую прывезьлі сюды.

— Паводле вашых ацэнак, колькі людзей вам трэба вывезьці з Дэбальцава?

— Мне складана даць ацэнку. Да тысячы чалавек яшчэ дакладна, якія гатовыя выехаць. Ёсьць людзі, якія не гатовыя выяжджаць, гатовыя заставацца там. Сытуацыі бываюць розныя. Вось Дыяна прыходзіла ў адно з бамбасховішчаў і спрабавала іх угаварыць, там было каля 70 чалавек, і яны ўсё наадрэз адмовіліся. Але нішто так не спрыяе перамовам, як добрае слова і патрапляньне снараду ў суседні будынак. На наступны дзень усё бамбасховішча было гатова ўжо да эвакуацыі, таму што ў суседні будынак трапілі артснарады.

— Вы зараз спрабуеце арганізаваць вываз адтуль людзей ...

— Мы спрабуем дамовіцца аб дні перамір’я. Нам патрэбны дзень перамір’я! З украінскім бокам, зразумела, мне значна прасьцей дамовіцца, і яны гатовыя даць гэта. Але пытаньне ў тым, што там працуюць групы ДРГ, якія не заўсёды кантралююцца тым бокам, і яны могуць не ведаць нават, і калі нават кіраўніцтва паабяцае, гэта ня ёсьць гарантыя таго, што яны не будуць весьці абстрэлы. Вось у чым справа. Але мы ў любым выпадку будзем ехаць туды і рызыкаваць сваім жыцьцём.

Мая справа — дапамагаць людзям, выратоўваць іх жыцьці. І мне ня важна, гэта паранены, уцякач альбо вайсковец. Дапамагаем мы аднолькава.

Цалкам артыкул «Забярыце нас!» можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG