Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі больш ня крытыкі


Сябры "Ўзвышша" (Менск, 1928). Першы рад: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва. Другі рад: М. Лужанін, С. Дарожны, А. Адамовіч, Т. Кляшторны, У. Жылка, В. Шашалевіч, П. Глебка. Амаль усе літаратары-"ўзвышэнцы" рэгулярна выступалі ў друку як крытыкі. ​

З часоў Максіма Багдановіча беларускія пісьменьнікі спраўна выконвалі абавязкі літаратурных крытыкаў. А як цяпер? Піша Павел Абрамовіч.

Няма таго, што раньш было... ​

Калісьці ў беларускай літаратурнай крытыцы налічваліся дзесяткі таленавітых імёнаў. Калегамі гэтых людзей былі самі пісьменьнікі, якія рэгулярна выступалі ў мас-мэдыях па пытаньнях літаратуры. Гэтак званая беларуская пісьменьніцкая крытыка цягам усяго XX стагодзьдзя дабратворна ўплывала на разьвіцьцё і літаратуры, і крытыкі, і грамадзтва наагул. І калі разам з табой літаратурна-крытычныя артыкулы пісалі такія знаўцы прыгожага пісьменства, як Максім Гарэцкі, Уладзімер Жылка, Кузьма Чорны ці Іван Мележ, гэта абавязвала цябе, «простага» крытыка з адукацыяй філёляга альбо журналіста, глыбей спасьцігаць сутнасьць літаратуры і ўласнай дзейнасьці, шліфаваць кожную сваю думку і слова, дбаць аб прафэсійнай этыцы, наагул працаваць з поўнай выкладкай, як кажуць вайскоўцы. Быць роўнымі з жывымі клясыкамі, якія выступалі ў ролі крытыкаў, не атрымлівалася — заставалася быць вартымі іх.​

Дык куды ўсё падзелася? Чаму ў літаратурнай крытыцы цяпер нішчыміца?​

Дарэчы, пра артыкулы ды іншыя жанры ў тагачаснай літаратурнай крытыцы: і напачатку мінулага стагодзьдзя, і напрыканцы яго ў беларускіх друкаваных СМІ была прадстаўлена ўся жанравая палітра.​

Дык куды ўсё падзелася? Чаму ў літаратурнай крытыцы цяпер нішчыміца?​

Час мой, як выкляты богам?​

Калі б у эпоху Максіма Багдановіча было кабэльнае тэлебачаньне і бясплатны wi-fi, беларусы, пэўна, і не даведаліся б, якога цудоўнага паэта маюць. Гэты Багдановіч ціхенька друкаваў бы свае кніжачкі ў мяккіх вокладках, меў бы тысяч пяць сяброў у Facebook, даваў бы дазвол музычным гуртам сьпяваць са сцэны сваю «Пагоню» і іншыя вершы, удзельнічаў бы ў невялікіх літаратурных імпрэзах і... усё.​

«Хто вінаваты?» — няслушнае пытаньне. Жыцьцё ідзе сваім чынам, сьвет зьмяняецца, «вось гэта заб’е тое, кніга заб’е будынак», як казаў герой знакамітага літаратурнага твору Гюго

Вельмі доўгі час у гісторыі чалавецтва літаратура дзякуючы шматлікім падначаленым інстытуцыям уладарыла над людзкімі душамі (разам з тэатрам). Са зьяўленьнем спачатку кіно, а потым тэлебачаньня і Інтэрнэту значная частка паствы зьбегла, пабачыўшы больш яркія відовішчы і цуды, — прыбыткі пісьменьнікаў скараціліся, а бляск самой літаратуры пацьмянеў. Літаратурная крытыка таксама вельмі пацярпела.​

«Хто вінаваты?» — няслушнае пытаньне. Жыцьцё ідзе сваім чынам, сьвет зьмяняецца, «вось гэта заб’е тое, кніга заб’е будынак», як казаў герой знакамітага літаратурнага твору Гюго, і вось ужо, здаецца, самую кнігу забіваюць і мала цешыць, што кат заўтра сам ператворыцца ў ахвяру... Ведаеце, ёсьць толькі адна магчымасьць павярнуцца назад, у часы ўладараньня кніг: зладзіць сусьветную ядзерную вайну, каб Інтэрнэт адамкнула разам з электрычнасьцю, каб кампутары і гаджэты сплавіліся ў адзін ком, а ў руінах гарадоў ацалелі нешматлікія кнігі па батаніцы, геалёгіі, мэдыцыне, мэханіцы — адзіныя сапраўдныя багацьці разам з чыстай пітной вадой. ​

Дарэчы, ці глядзелі вы кінастужку «Кніга Ілая»? Там вельмі красамоўна паказана роля кнігі ў постапакаліптычным сьвеце. Як кажа адмоўны пэрсанаж фільма, «у мяне няма правільных словаў, каб дапамагчы людзям, а ў кнізе [Бібліі] яны ёсьць». Ня дзіва, што жаданая, але пакуль недаступная кніга мроіцца гэтаму чытачу-вар’яту крыніцай неабмежаванай улады.​

Гэты сцэнар новай эпохі росквіту літаратуры (безь пісьменьнікаў, крытыкаў і пераважнай большасьці чытачоў) жахлівы і непрымальны. Няхай ён і надалей застаецца мастацкай праекцыяй. Між іншым літаратура пры дапамозе новых дзівосаў, у тым ліку рыдэраў і дастаўкі кніг дронамі, не спыняе спробы вярнуць трон. І многія сучасныя пісьменьнікі, прыкладам, амэрыканец Джонатан Франзэн, італьянец Умбэрта Эка, француз Фрэдэрык Бэгбэдэр, расеец Дзьмітры Быкаў, займаюцца крытыкай.

Надзея на спадчыньнікаў​

Літаратура ў Беларусі існуе, і факт гэты неаспрэчны. Разам з тым вельмі дзіўна, што пісьменьніцкая крытыка сёньня згасла.​

Цэлае стагодзьдзе беларускія пісьменьнікі актыўна ўдзельнічалі ў літаратурным жыцьці краіны ў якасьці крытыкаў. Яны лічылі гэта своеасаблівым доўгам перад літаратурай, спосабам яе падтрымкі і разьвіцьця. Да таго ж пісьменьнікі мудра выкарыстоўвалі сродкі літаратурна-мастацкай крытыкі і рэсурсы СМІ дзеля прамой і шчырай размовы з народам па самых важкіх пытаньнях, і ня толькі літаратурных. Акрамя таго, заняткі крытыкай дазвалялі нашым пісьменьнікам лепш разумець спэцыфіку слоўнага мастацтва, заканамернасьці літаратурнага працэсу, асаблівасьці сваёй і чужой творчасьці. Канешне, «прасоўваючы» літаратуру, пісьменьнікі рэклямавалі саміх сябе, аднак тое адбывалася ненаўмысна, у выніку кручэньня махавіка мас-мэдыяў. Аднак, што значна важней, мова газэты прыгажэла дзякуючы эталёну, зададзенаму літаратарамі, якія там працавалі, — беларускія пісьменьнікі-крытыкі ў сваіх публікацыях амаль ніколі не ўжывалі навуковай лексыкі, як тое рабілі і робяць дасюль літаратуразнаўцы, пужаючы чытачоў.​

Літаратура ў Беларусі існуе, і факт гэты неаспрэчны. Разам з тым вельмі дзіўна, што пісьменьніцкая крытыка сёньня згасла.​

На мой погляд, пісьменьніцкая крытыка Беларусі XX стагодзьдзя была і застаецца самым важкім і зьмястоўным «разьдзелам» у нацыянальнай літаратурнай крытыцы. Пісьменьнікі-крытыкі даглядалі родную літаратуру як садоўнікі. Зьмяняліся пакаленьні ў літаратуры — сад квітнеў, высаджваліся юныя дрэвы і кветкі, амаль кожны дзень у выніку супольнай працы зьяўляліся новыя нататкі, рэцэнзіі, інтэрвію-дыялёгі, нарысы, агляды літаратуры і інш. Здавалася б, усё добра, аднак быццам адчуваючы жорсткі сівер наступных дзесяцігодзьдзяў, Міхась Стральцоў у адным са сваіх літаратурна-крытычных тэкстаў са скрухаю прамовіў: «Нам бы спадчыньнікаў добрых».​

«Загадка Багдановіча» ёсьць. Але хто напіша «Загадку Стральцова»?

Літаратары, гэтыя словы зьвернутыя найперш да вас! Узгадайце, вашы дэбютныя зборнікі прозы і паэзіі рэцэнзавалі пераважна старэйшыя калегі-пісьменьнікі. Яны ўвесь час былі поруч з вамі, іх словы і ацэнкі былі найбольш каштоўнымі, зьмястоўнымі для вас. Ускладаючы на сябе абавязкі крытыкаў, вашы калегі выступалі ў якасьці анёлаў-ахоўнікаў усёй беларускай літаратуры і вас асабіста. Акром таго, пры дапамозе літаратурнай крытыкі яны шукалі вытокі кніжнай прыгажосьці, мудрасьці і знаходзілі іх, і дбалі, каб яны не закаламуціліся.​

Ваша энэргія патрэбная літаратурнай крытыцы. Мы, «простыя» крытыкі, хочам быць вартымі вас.

«Загадка Багдановіча» ёсьць. Але хто напіша «Загадку Стральцова»? Хто працягне ў гэтым стагодзьдзі традыцыі пісьменьніцкай крытыкі, традыцыі дабрыні і павагі да слоўнага мастацтва, хто наладзіць у друку і Інтэрнэце дыялёг з чытачом, падбадзёрыць таленавітых пісьменьнікаў-пачаткоўцаў, выступіць супраць графаманаў? Ад гэтай супольнай працы нельга ўхіляцца нікому з беларускіх пісьменьнікаў. Ня бойцеся: сьмерць, фізычная расправа цяпер не пагражае за гэта, як некаторым вашым папярэднікам.​

Вацлаў Ластоўскі лічыў, што пісьменьнікі мусяць «сплачваць доўг» перад народам і роднай зямлёй ня толькі праз заняткі літаратурай, але і крытыкай, публіцыстыкай. Калі вы, сучасныя беларускія пісьменьнікі, не адчуваеце жаданьня і патрэбы прамаўляць да людзей, карыстаючыся сродкамі публіцыстыкі, дык пішыце крытычныя артыкулы пра літаратуру, будзьце добрымі спадчыньнікамі, каб сад не зьдзічэў.​

Ваша энэргія патрэбная літаратурнай крытыцы. Мы, «простыя» крытыкі, хочам быць вартымі вас.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG