Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Тарасаў, самотны рыцар


Кастусь Тарасаў
Кастусь Тарасаў

10.10.1940, Менск — 20.3.2010, Менск. Пахаваны на менскіх Чыжоўскіх могілках.

10.10.1940, Менск — 20.3.2010, Менск. Пахаваны на менскіх Чыжоўскіх могілках.

Сталася так, што на пачатку гэтага стагодзьдзя Кастусь Тарасаў атрымаў унікальны пашпарт. Старонку, дзе ставілася адзнака аб прапісцы, аздабляла адно назва краіны. Больш нічога: ні вуліцы, ні нумароў дома і кватэры. Проста — Рэспубліка Беларусь.

Прычыну такой анамаліі можна, вядома, лічыць чыста бюракратычнай. Але мне бачыцца тут рука вышэйшых сілаў. Тарасаў сапраўды быў (і застаецца) прапісаны ня ў нейкім канкрэтным месцы і годзе, а ўва ўсёй Беларусі. Дакладней — у беларускай гісторыі.

Мы, яшчэ незнаёмыя, спаткаліся аднойчы на полацкай вуліцы. Каб не разьмінуцца, прызначылі сустрэчу каля помніка Скарыну. Спадара Кастуся я пазнаў адразу. Ён выглядаў абсалютна нетутэйшым. Падазраю, што такім самым Тарасаў мог падацца і бронзаваму першадрукару.

Вецер гісторыі гартаў каляндар 1984-га. Якраз у той год Кастусь Тарасаў аднае раніцы прачнуўся знакамітым. Ягоная кніга «Памяць пра легенды» выйшла 30 тысячамі асобнікаў, імкліва зрабіўшыся культавым выданьнем. Дасьведчаныя людзі ў сталіцы казалі, нібыта кніга сабрала больш за 300 000 заявак, ды ўстурбаваныя таварышы з ЦК цыкнулі на выдаўцоў, і адзін нуль тыя паслухмяна «згубілі». Аднак і скарочаны ў дзесяць разоў наклад узводзіў пісьменьніка ў ранг нацыянальнага асьветніка.

Тарасаў лёгка ўштукоўваў айчынную гісторыю ў эўрапейскі кантэкст. Яе дзейнымі асобамі былі не безаблічныя народныя масы, а — арыстакраты і шараговыя шляхціцы, рыцары і дамы іх сэрцаў, філёзафы-вальнадумцы і правадыры інсургентаў, дзівакі і авантурнікі, безь якіх таксама немагчыма ўявіць мінуўшчыну любога эўрапейскага народу. Праз колькі гадоў героі ягоных эсэ пачалі пераўвасабляцца ў герояў раманаў і аповесьцяў. «Тры жыцьці Рагнеды» і прысьвечанае Лышчынскаму «Падарожжа ў цесным коле» я перачытваю і перагортваю і сёньня.

«Памяць пра легенды» ў маім кнігазборы ўладкавалася поруч зь «Зямлёй пад белымі крыламі» Караткевіча. Як быццам дзьве кнігі, асьцярожна прабіраючыся паміж іншых тамоў, імкнуліся сустрэцца і пасумовіцца. А можа, хацелі, каб гаспадар паклаў іх на вагу свайго не астылага за дзесяцігодзьдзі захапленьня?

Шалі пагойдаліся, але хутка зноў здабылі раўнавагу.

Караткевіч і Тарасаў не канкуруюць, а — дзякуючы розным ракурсам і розным мэтадам мастацкага дасьледаваньня гісторыі — цудоўна дапаўняюць адзін аднаго, прычым гаворка ня толькі пра дзьве згаданыя кнігі эсэ, а пра іх творчасьць увогуле.

Першы — вандроўнік, які глядзіць на мінулае, праплываючы над ім на мангальф’еры. Другі — падарожнік, які ступае па зямлі і можа ахапіць вокам меншы абсяг, затое здольны зблізку пачуць і распазнаць патаемныя шолахі, рухі, прыкметы.

Калі гісторыя, згодна з францускім рамантыкам Жулем Мішле, — гэта ўваскрашэньне, то Караткевіч уваскрашаў атмасфэру і калярыт даўніны, а Тарасаў — рэальных гістарычных асобаў.

Ён ведаў, што гісторыя — ня толькі перамогі і ўзьлёты чалавечага духу, але — ці не часьцей — горкія паразы, рэнэгацтва, чорныя здрады з падзеньнем у пекла безь ніякага спадзяваньня на прыпынак у чыстцы. Ён, магчыма, як ніхто іншы адчуваў (і прадчуваў!) трагізм беларускай гісторыі, дзе краіна зноў і зноў апынаецца перад мяжой, за якой — нацыянальнае небыцьцё.

Аднак Тарасаў ня быў бесстароньнім сузіральнікам-фаталістам і ніколі не зачыняўся ў кабінэце. Ён ня раз пакідаў пісьмовы стол, каб — заўсёды рэзка і доказна — выступіць на мітынгу. Ён не адзін год захоплена й зацята працаваў у часопісе «Спадчына», быў намесьнікам галоўнага рэдактара незалежных газэтаў «Навіны» і «Наша Свабода». Пазьней стаўся адным з заснавальнікаў газэты «Новы час».

Мы не зрабіліся сябрамі, бо гэтага не дазваляла розьніца ў гадах, у жыцьцёвым досьведзе, у характарах, але я заўсёды ганарыўся магчымасьцю папрасіць спадара Кастуся стаць першым чытачом майго новага тэксту. Штораз гэта ўяўляла сабой складаны экзамэн: Тарасаў бездакорна адчуваў любую эпоху, мог умомант злавіць фальшывую ноту і непраўдзівую дэталь.

Неяк я прынёс яму «Міласьць князя Гераніма», аповед пра славутае Крычаўскае паўстаньне. У фінале адзін з важакоў паўстанцаў Іван Карпач пакутліва канае на палі. Але ў апошнія імгненьні яго душу сагравае шчасьце: да нямога сына, што прыйшоў разьвітацца з бацькам, вяртаецца мова.

Тарасаў сказаў, што астатнюю старонку чытаў зь сьлязьмі на вачах. Гэта быў ці не самы вялікі мой ганарар. Я яшчэ ня ведаў, што тая размова праз гады атрымае містычны і вусьцішны працяг...

На мяжы стагодзьдзяў, ужо ў новым палітычным клімаце, Кастусь Тарасаў выдаў аповесьць «Апошняе каханьне Міндоўга», якая ўяўляецца мне найлепшым у нашай гістарычнай літаратуры творам пра дачыненьні ўладара і ўлады.

Часам здавалася, што для жыцьця спадару Кастусю дастаткова адно чытацкай увагі і любові. У тыя гады ён жыў надзвычай сьціпла. Наймаў кватэру, а здаралася, наагул начаваў у майстэрні сябра — мастака і літаратара Вячаслава Дубінкі.

А потым грымнула бяда. Пасьля інсульту Тарасаву адняло мову. Нават простым рэчам давялося вучыцца нанова. На шчасьце, розум застаўся сьветлы. Яшчэ не асвоіўшы вуснае мовы, ён зноў пачаў пісаць. Часопіс «Дзеяслоў» прысудзіў яму прэмію «Залаты апостраф». Уразіла сваім экзыстэнцыялізмам аповесьць «На вайне» пра крывавы патоп сярэдзіны XVII стагодзьдзя.

Увесну 2010 году Беларускі ПЭН-цэнтар вырашыў уганараваць Тарасава прэміяй імя Францішка Багушэвіча За колькі дзён я патэлефанаваў, каб паведаміць навіну ляўрэату. Памятаючы, што прамаўляць сказы яму цяжка, я не разьлічваў шмат пачуць з таго боку. І раптам — як гром зь яснага неба — Тарасаў адказаў мне выразна і чыста, сьвежым, быццам толькі што народжаным голасам. Я віншаваў яго ўжо ня столькі з прэміяй, як зь вяртаньнем мовы.

Тая наша размова была апошняя. Праз два дні Тарасава знайшлі нежывым на найманай ім кватэры.

З надмагільнага помніка глядзіць такі самы, як і некалі даўно, у Полацку, чалавек з адбіткам нетутэйшасьці на твары.

Гэты самотны рыцар і цяпер у падарожжы — у мінулых ці ў будучых стагодзьдзях. Там, дзе мы некалі сустрэнемся.

XS
SM
MD
LG