Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прыме праз тыдзень, у панядзелак, 9 лютага, канцлера ФРГ Ангелу Меркель, і сярод тэм іх размоў будуць Украіна і Расея.
Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Белага дома.
Іншымі тэмамі сустрэчы ў Белым доме ў Вашынгтоне будуць барацьба з тэрарызмам і групоўкай «Ісламская дзяржава», Аўганістан і Іран, гаворыцца ў паведамленьні.
Лідэры таксама абмяркуюць эканамічны рост, міжнародны гандаль, зьмены клімату і пляны Нямеччыны прыняць у чэрвені саміт «Групы сямі» прамыслова разьвітых дзяржаў.
Візыт канцлера Нямеччыны ў ЗША падкрэсьлівае важнасьць амэрыкана-нямецкага супрацоўніцтва ў сусьветных справах і моцнай дружбы паміж гэтымі краінамі, заявіў сьпікер.