Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы — найбуйнейшы лабіст Украіны ў сьвеце — рэйтынг


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце прызнаная найбольшым лабістам Украіны ў сьвеце ў 2014 годзе. Яна стала пераможцам рэйтынгу «ТОП-10 лабістаў Украіны», які сёньня апублікаваў украінскі няўрадавы аналітычны цэнтар «Інстытут сусьветнай палітыкі».

Як адзначыла ў гутарцы з Радыё Свабода дырэктар Інстытуту Алёна Гецьманчук, Даля Грыбаўскайце перамагла таму, што для многіх украінцаў яна ўвасабляе дэмакратычнага лідэра, які адкрыта выступае за Ўкраіну, супраць агрэсіўнай палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

«Усе тыя пазыцыі, якія былі агучаныя Грыбаўскайце, былі вельмі блізкія ўкраінскай і вельмі сугучныя. Фактычна, усе заявы Грыбаўскайце па ўкраінскай сытуацыі, калі мы іх прааналізуем, вельмі адпавядаюць тым чаканьням, якія былі ва ўкраінскім грамадзтве — узмацніць санкцыі супраць Расеі, не сядаць і ня дамаўляцца з Расеяй, пакуль яна не гатовая мяняць сваё паводзіны, і падобныя рэчы», — адзначыла Гецьманчук.

Другім у «топ-дзясятцы» стаў экс-міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт, у першай дзясятцы таксама — канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэм’ер-міністар Канады Стывэн Гарпэр. Адзіным украінцам у першай дзясятцы стаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Як адзначыла Гецьманчук, упершыню ў рэйтынг не патрапіў ніводзін прадстаўнік традыцыйнага лабіста Ўкраіны ў ЭЗ — Польшчы, затое ўвайшлі некалькі прадстаўнікоў ЗША: сэатар-рэспубліканец Джон Маккейн (на трэцім месцы), гісторык Тымаці Снайдэр (чацьвёртая пазыцыя), філянтроп Джордж Сорас (сёмае месца ў рэйтынгу), віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн (восьмае месца), сэнатар-дэмакрат Робэрт Мэнэндэс (дзявяты ў рэйтынгу).

Як адзначылі экспэрты Інстытуту сусьветнай палітыкі, сярод крытэрыяў ацэнкі — пастаяннае прыцягненьне ўвагі да ўкраінскай тэматыкі на міжнародным узроўні, прамоцыя Ўкраіны на міжнародным узроўні і спрыяньне эўраінтэграцыі Ўкраіны.

Рэйтынг «ТОП-10 лабістаў Украіны ў сьвеце» падрыхтаваны сёмы раз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG