Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры ЭЗ даручылі разгледзець новыя санкцыі супраць Расеі


Лідэры краін Эўрапейскага зьвязу заклікалі міністраў замежных спраў абмеркаваць адказ на эскаляцыю баявых дзеяньняў ва Ўсходняй Украіне, у тым ліку магчымыя новыя санкцыі супраць Расеі. Сустрэча міністраў заплянаваная ў Бруселі на 29 студзеня.

У сумеснай заяве лідэры ЭЗ адзначылі наяўнасьць «доказаў таго, што Расея працягвае і павялічвае падтрымку сэпаратыстаў», і гэтая падтрымка «падкрэсьлівае адказнасьць Расеі».

«У сувязі з пагаршэньнем сытуацыі мы просім Раду міністраў замежных спраў ацаніць сфтуацыю і разгледзець любыя неабходныя дзеяньні, у тым ліку далейшыя абмежавальныя меры, накіраваныя на хуткую і ўсебаковую рэалізацыю Менскіх пагадненьняў», — гаворыцца ў заяве.

Заява таксама заклікае Расею асудзіць дзеяньні сэпаратыстаў і выконваць Менскія дамоўленасьці.

Лідэры ЭЗ таксама асудзілі забойства 30 цывільных жыхароў 24 студзеня ў выніку абстрэлу ўкраінскага Марыюпалю.

Напярэдадні Радабясьпекі ААН правяла спэцыяльнае пасяджэньне, прысьвечанае апошнім падзеям ва Ўкраіне. Намесьнік генэральнага сакратара ААН Джэфры Фелтман назваў парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права суботні абстрэл Марыюпалю, які быў, паводле яго словаў, «мэтанакіраваным ударам па мірным насельніцтве».

Паводле ўкраінскіх сілавікоў, у абстрэле жылых раёнаў гораду з установак «Град», у выніку якога загінулі 30 чалавек і больш за 100 былі параненыя, бралі ўдзел ня толькі мясцовыя прарасейскія сэпаратысты, але і рэгулярныя войскі Расеі. У місіі АБСЭ пацьвердзілі, што абстрэл вёўся з тэрыторыі, падкантрольнай групоўцы «ДНР». Пракуратура расьсьледуе гэтую справу па артыкуле «тэракт».

Масква працягвае настойваць, што ня мае дачыненьня да трагічных падзей на ўсходзе Украіны, у прыватнасьці, у фінансавай і ваеннай падтрымцы мясцовых баевікоў і прызнае толькі прысутнасьць расейскіх «добраахвотнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG