Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мастачка ў Грэцыі: Перамога Сірызы вельмі важная для эмігрантаў


Натальля Васільева
Натальля Васільева

Беларуская мастачка Натальля Васільева жыве ў Грэцыі 12 гадоў. На апошніх выбарах яна галасавала за партыю Сірыза і чакае ад новых уладаў кардынальных зьменаў, у тым ліку для перасяленцаў зь іншых краінаў.

Брама ў Эўропу

Ганна Соўсь: Чаго вы чакаеце пасьля перамогі левых партый?

Натальля Васільева: Цяпер у грэцкім парлямэнце будуць сем партый. Перамога Сірызы была абсалютна чаканай, таму што папярэднія партыі цалкам не апраўдалі даверу і таму яны пацярпелі такую паразу. Я вельмі задаволеная, што перамагла Сірыза, і я гэтым вельмі задаволеная, як і многія жыхары Грэцыі. Мы чакаем шмат ад гэтай партыі. Мне, як чалавеку, які прыехаў зь іншай краіны, абсалютна зразумела, што мяне чакае сёньня. Напрыклад, у дакумэнце «Дублін 2», які падпісала Грэцыя 10 гадоў таму, гаварылася пра тое, што эмігранты, перасяленцы, якія дасягалі берагоў Грэцыі, павінны былі заставацца менавіта тут і ня мелі магчымасьці далей ехаць у Эўропу. Ім не выдавалі дакумэнтаў, каб яны маглі пакінуць Грэцыю. Цяпер жа Сірыза абяцае, і напэўна гэта будзе выканана, што ўсе, хто прыбыў зь іншых краінаў сюды, атрымаюць дакумэнты, каб яны тут знаходзіліся афіцыйна. Грэцыя — гэта найперш брама ў Эўропу з усходніх і паўднёвых краінаў, і ўсе эмігранты ня могуць тут застацца без права перасоўваньня па Эўропе. Грэцыя — вельмі малая краіна, тут толькі 10 мільёнаў насельніцтва і больш за мільён эмігрантаў цяпер жыве ў Грэцыі без дакумэнтаў. І падчас гэтага эканамічнага крызісу немагчыма ўсім даць працу. Таму гэтыя людзі цяпер змогуць выехаць далей у Эўропу.

Соўсь: Як вы ставіцеся да таго, што Грэцыя можа выйсьці з зоны эўра?

Васільева: Выхад з эўразоны абсалютна нерэальны. Грэцыя застаецца ў ЭЗ, і пастараецца вырашыць усе пытаньні, застаючыся ў ЭЗ.

Соўсь: Ці адчулі вы на сабе тыя жорсткія захады эканоміі, якіх Эўразьвяз патрабаваў ад Грэцыі?

Васільева: Канечне. Мы ўсе пацярпелі. Цяжка знайсьці працу. На рынку працы маюць перавагу людзі, якім трэба плаціць меней. Я спадзяюся, што Партыя Сірыза ажыцьцявіць свае пляны, і Грэцыя ізноў вернецца да таго, што мы, людзі, якія прыехалі з іншых краінаў, зможам карыстацца абсалютна бясплатна дзяржаўнымі мэдычнымі ўстановамі. Дзеці эмігрантаў змогуць свабодна і бясплатна наведваць школы, гімназіі, інстытуты і будзе бясплатная адукацыя. Так яно было калісьці. Калі раней нельга было атрымаць грэцкае грамадзянства, то цяпер Сірыза сьцьвярджае, што пасьля пэўнай колькасьці гадоў, прыжытых у Грэцыі, можна будзе атрымаць і грамадзянства. Сюды едуць ня толькі непісьменныя людзі, якія будуць прыбіраць вуліцы, але і людзі з вышэйшай адукацыяй, якія могуць паспрыяць прагрэсу ў Грэцыі.

Соўсь: А чаму вы пераехалі ў Грэцыю?

Васільева: Я прыехала сюды не таму, што была эканамічная ці палітычная праблема. Была жаночая праблема, і мне трэба было памяняць геаграфічную кропку, каб прыйсьці ў сябе. Калі я прыехала, то не разьлічвала, што затрымаюся тут на такі доўгі час. Думала, што праз год ці паўгода я буду адчуваць сябе лепей і змагу вярнуцца назад у поўнай сіле. Але так адбылося, што Грэцыя — гэта краіна, зь якой вельмі цяжка зьехаць, Найперш тут цудоўны клімат, вельмі адкрытыя, душэўныя людзі. Гэта хрысьціянская краіна. Тут проста жыць зь людзьмі. Я затрымалася на доўгія гады, а потым выйшла замуж. І цяпер я мяркую, што мой далейшы лёс будзе шчыльна зьвязаны менавіта з гэтай краінай. Я палюбіла гэтую краіну і спадзяюся, што гэта ўзаемна. Я вельмі добра адаптавалася тут. Празь пяць гадоў я рэалізавалася ў Грэцыі як мастачка. Я маю мастацкую адукацыю, закончыла нашу «глебаўку» ў Менску. У мяне было шмат выставаў у Грэцыі, я зьяўляюся сябрам саюзу мастакоў. Свае амбіцыі як мастачкі я таксама рэалізавала тут.

Карціна Натальлі Васільевай
Карціна Натальлі Васільевай

Соўсь: Што ёсьць у Грэцыі, чаго няма ў Беларусі, хаця, як кажуць, у Грэцыі ёсьць ўсё...

Васільева: Тут ёсьць мора. Наш мэнталітэт прыблізна аднолькавы. Грэкі і беларусы вельмі падобныя. Тут беларусу адаптавацца вельмі проста. Людзі ў Грэцыі вельмі цікавыя. Ці бачылі вы, як яны танчаць свае танцы? Яны трымаюцца за плечы, яны ўсе разам, так яны разам і ідуць па жыцьці. Я пераканалася ў гэтым неаднойчы. Вельмі зьяднаны народ. Тут няма чужога болю.

Соўсь: Ці шмат беларусаў у Грэцыі?

Васільева: Няшмат. У параўнаньні з грузінамі, украінцамі, малдаванамі вельмі мала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG