Намесьнік генэральнага сакратара ААН Джэфры Фэлтман назваў парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права суботні абстрэл Марыюпаля, які быў «мэтанакіраваным ударам па мірным насельніцтву».
«Мы павінны паслаць выразны сыгнал: вінаватыя павінны несьці пакараньне і павінны паўстаць перад судом», — заявіў ён у панядзелак на спэцыяльным пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным апошнім падзеям ва Ўкраіне.
Акрамя таго, ён заклікаў сэпаратыстаў выконваць нормы міжнароднага права, а Расею — паўплываць на ёю прарасейскіх узброеных сэпаратыстаў з групоўкі «ДНР» і «ЛНР», які яна падтрымлівае, для мірнага ўрэгуляваньня канфлікту.
Джэфры Фэлтман запэўніў, што ААН будзе далей садзейнічаць ўстойліваму і трываламу мірнаму працэсу на ўсходзе Ўкраіны.
«Больш за 5000 чалавек ужо загінула падчас гэтага канфлікту. Мы павінны знайсьці магчымасьць спыніць яго і зрабіць гэта цяпер», — падкрэсьліў галоўны прадстаўнік кіраўніцтва ААН.
Рада бясьпекі ААН правяла ў панядзелак пазачарговае пасяджэньне, прысьвечанае крызысу ва Ўкраіне і дзеяньням Расеі пасьля апошняга масавага забойства цывільных, якое зьдзейсьнілі прарасейскія баевікі ў канцы мінулага тыдня ў горадзе Марыюпалі Данецкай вобласьці. Паводле зьвестак украінскіх сілавікоў, у абстрэле жылых раёнаў горада з установак «Град», пад час якога было забіта 30 чалавек і больш за 100 паранена, прымалі ўдзел ня толькі мясцовыя прарасейскія сэпаратысты, але і рэгулярныя войскі Расеі.
У апошні час становішча ў зоне канфлікту рэзка абвастрылася пасьля таго, як сілы ўзброеных прарасейскіх сэпаратыстаў і расейскіх войскаў раз парушылі рэжым спыненьня агню і пачалі масіраваны наступ на пазыцыі ўкраінскіх сіл.