Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статыстыка за 2014 год станоўчая, прагнозы на 2015-ты — кепскія


Нацыянальны статыстычны камітэт падсумаваў асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказьнікі Беларусі ў 2014 годзе.

У адносінах да 2013 году валавы ўнутраны прадукт склаў 101,6%, прадукцыйнасьць працы таксама вырасла — 103,1%.

У параўнаньні з папярэднім справаздачным пэрыядам адзначаны рост прамысловай прадукцыі (101,9%), прадукцыі сельскай гаспадаркі (103,1%). Адзначаны рост па асобных відах таварнай і харчовай прадукцыі (бэнзін і дызпаліва, калійныя ўгнаеньні, гатовы пракат, шыны для легкавікоў, цэмэнт, мэбля, дываны; цэльнамалочная прадукцыя, сыры і г. д.).

Намінальная налічаная заробная плата работнікаў за студзень-лістапад 2014-га прадэманстравала рост 118,6%, перавысіўшы ў абсалютных лічбах 6 мільёнаў рублёў.

З улікам таго, што дэвальвацыйныя працэсы, якія прывялі да 30-працэнтнага абясцэньваньня беларускага рубля, распачаліся толькі ў апошнія дні мінулага году, выніковыя лічбы выглядаюць збольшага пазытыўна. Але чаго чакаць ад беларускай эканомікі ў агляднай будучыні?

Сваімі прагнозамі са Свабодай падзяліўся эканамічны аглядальнік, кіраўнік бізнэс-парталу probusiness. by Віталь Валянюк:

Віталь Валянюк
Віталь Валянюк

«Дрэнная навіна па 2014 годзе ў тым, што зьніжаецца дынаміка розьнічнага гандлю, а ў апошнія гады менавіта ён быў драйвэрам росту валавога ўнутранага прадукту. Расьлі даходы насельніцтва, часта непрапарцыянальна прадукцыйнасьці працы. Адпаведна, падвышаўся рост таваразвароту ва ўсёй гандлёвай сетцы — на 19–20% на год у нас былі тэмпы росту розьнічнага гандлю. Але цяпер ужо бачна, што па выніках 2014 году назіраецца значнае запавольваньне дынамікі розьнічнага гандлю, што наўпрост уплывае на тэмпы росту ВУП.

І відавочна, што праблемы, якія пачаліся ў чацьвёртым квартале 2014-га — а гэта і зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці, і праблемы з-за дэвальвацыі расейскага рубля ў беларускіх прадпрыемстваў, якія экспартуюць прадукцыю на расейскі рынак, — яны перацякуць і, магчыма, абвострацца ў 2015 годзе.

Таму агульная карціна па 2014 годзе, з аднаго боку, досыць станоўчая, прынамсі, не такая дрэнная, як магла б быць. Але відавочна, што сёлета статыстычныя паказьнікі будуць пагаршацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG