Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Жызьнеўская: Гамяльчане зьдзекуюцца з магілы Міхася, трэба, каб Лукашэнка даў загад яе паважаць


Ніна Жызьнеўская
Ніна Жызьнеўская

22 студзеня ў Гомелі пройдзе паніхіда па Міхалу Жызьнеўскім, які загінуў летась у гэты дзень..

Ніна Жызьнеўская, маці героя Нябеснай сотні, распавяла Радыё Свабода, што нягледзячы на ўсёмагчымую падтрымку з боку ўкраінскіх уладаў, на радзіме магілу яе сына зьневажаюць, а мясцовыя ўлады ня робяць анічога, каб абараніць памяць Міхася ад абразаў.

— Ніна Васільеўна, як вы зь сям’ёй праведзяце 22 студзеня?

Украінцы лічаць Мішу сваім героем, прыяжджаюць сюды на магілу, прывозяць сьцягі і кошыкі кветак, падпісваюць усё як герою Нябеснай сотні.

— Якое тут можа быць жалобнае мерапрыемства, калі Міша ў Беларусі бандыт і нацыст? Сям’я зьбярэцца, будзе паніхіда, жалобны абед, на могілкі наведаемся. Абяцалі прыехаць дыпляматы з амбасады Ўкраіны. Прыедуць журналісты з украінскага тэлеканалу «1+1». Украінцы лічаць Мішу сваім героем, прыяжджаюць сюды на магілу, прывозяць сьцягі і кошыкі кветак, падпісваюць усё як герою Нябеснай сотні. Але ўсё гэта адразу рвецца, нішчыцца і выкідаецца. Хто гэта робіць? Нашы гамяльчане.

— Чаму вы не зьвярнуліся ў міліцыю са скаргай?

— Якая міліцыя? Для іх Міша бандыт і нацыст. Якая міліцыя? Я буду прасіць Украіну, каб яна стала на абарону Мішавай магілы.

— Калі вы ў лістападзе сустракаліся зь Пятром Парашэнкам, то ён дэкляраваў, што ўмяшаецца, калі вашу сям’ю нейкім чынам будуць крыўдзіць. Нешта было зроблена ці засталося на ўзроўні гучных заяваў?

— Пасьля гэтага нічога не было зроблена. Нічога. Парашэнка абяцаў дамагчыся для Мішы званьня Героя Ўкраіны, але нічога не адбылося. Вось 22-га прыедзе ўкраінскае тэлебачаньне, я празь яго буду зьвяртацца да ўсіх украінцаў, каб яны дапамаглі дамагчыся званьня для Мішы і абараніць магілу героя ад нашых гамяльчанаў, якія паскудзяць на магіле.

— У Кіеве ўсталяваны мэмарыял для ўшанаваньня памяці героя Нябеснай сотні Міхала Жызьнеўскага. Ці будзе помнік у Беларусі, на радзіме Міхася?

— Ініцыятыва такая ёсьць, бяруць удзел у ёй людзі з Гомеля і зь Менску. Але я сэнсу мала бачу. Помнік гэты разаб’юць, разламаюць адразу. Трэба, каб умяшалася Ўкраіна, каб стала на абарону Мішавай памяці. Толькі ў такім выпадку нашы людзі адумаюцца, калі Лукашэнка дасьць загад не чапаць магілу. Таму што калі загінуў Міша, усе мясцовыя СМІ, асабліва газэты, крычалі, што «загінуў беларус, які ваяваў за бандэраўцаў, сабаку сабачая сьмерць», палівалі брудам і мяне, і майго сына.

— Якім чынам Украіна можа ўмяшацца і абараніць магілу?

Што там творыцца на яго магіле! Міша нікому нічога не зрабіў кепскага, ніколі ня лаяўся ні на кога, ніколі нікога ня ўдарыў. За што цяпер зь ім так?

— Трэба ўкраінцам сустракацца з нашым кіраўніцтвам — і з гомельскім, і зь менскім. Мне ўжо ўкраінскія дыпляматы паабяцалі, што будуць гаварыць з гомельскім кіраўніцтвам і прасіць, каб была забясьпечаная павага да магілы. Што там творыцца на яго магіле! Міша нікому нічога не зрабіў кепскага, ніколі ня лаяўся ні на кога, ніколі нікога ня ўдарыў. За што цяпер зь ім так? За тое, што загінуў за свабоду іншай краіны? Хіба за гэта трэба ненавідзець і так ставіцца? Цяпер Міша ня можа за сябе пастаяць, дык яны зьдзекуюцца зь яго магілы. Мала таго, што там паламанае ўсё, дык яшчэ і г... было на магіле.

— Міша ўвесь час марыў забясьпечыць сваіх бацькоў жыльлём. Так сталася, што яго мара ажыцьцявілася пасьля яго сьмерці намаганьнямі дабрадзеяў і ўкраінскіх фондаў, якія дапамагаюць сем’ям забітых на Майдане, і вы пераехалі ў асобную кватэру.

— Так, нам дапамаглі фонды і ўкраінскія ўлады. Невялікую частку грошай мы далі, яшчэ трошкі дачка дадала, астатняе — з Украіны. Вось і купілі тое, на што хапіла. Вось такі падарунак з таго сьвету ад сына. Але нам у гэтым падарунку вельмі балюча і крыўдна. Мы б лепш жылі пад плотам, толькі каб Міша быў жывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG