Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Харкаве трывае антытэрарыстычная апэрацыя


Міліцыя дасьледуе месца выбуху.
Міліцыя дасьледуе месца выбуху.

Украінскія ўлады праводзяць антытэрарыстычную апэрацыю ў Харкаве. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў дарадца кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Маркіян Лубкіўскі.

19 студзеня ў Харкаве каля 19-тай гадзіны адбыўся выбух у двары суду Маскоўскага раёну. У гэты час з апошняга судовага паседжаньня якраз выходзілі людзі — пераважна актывісты «Правага сэктару». У выніку ў шпіталь патрапілі 14 чалавек, чацьвёра зь якіх у цяжкім стане.

Праваахоўнікі абвясьцілі ў горадзе антытэрарыстычную спэцапэрацыю. СБУ расьсьледуе выбух па артыкуле «тэракт».

Галоўны доктар шпіталя хуткай і неадкладнай дапамогі Алена Кавалёва паведаміла, што ахвяры выбуху атрымалі шматлікія асколкавыя раненьні канечнасьцяў і цела. Лекары да позьняй ночы рабілі ім апэрацыі. Лекары адмаўляюцца паведамляць пра стан здароўя праапэраваных.

Ня выключана, што людзі атрымалі раненьні ад самаробнага выбуховага прыстасаваньня, начыненага жалезнымі асколкамі. Сярод траўмаваных — актывісты «Правага сэктару» (таксама і дзяўчаты) ды адзін выпадковы мінак.

«Калі пачуўся выбух, я быў у будынку суду. Выбух адбыўся, калі выходзілі прысутныя на судовым пасяджэнні, і людзі, якія стаялі на пікеце. Там траўмы ног, рук, грудной клеткі. Я бачыў людзей, якім міліцыя аказвала першую дапамогу, перавязваючы ногі», — распавёў журналістам адвакат Юры Ніканаў.

Выбух прагрымеў, калі людзі пачалі выходзіць з будынку суду пасьля пасяджэньня ў справе грамадзкага актывіста Міхаіла Сакалова, які на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах быў назіральнікам ад партыі «Свабода», а цяпер яго падазраюць у незаконным захоўваньні зброі.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG