Эўразьвяз выдзеліць 8 млн. эўра на праекты ў рамках праграмы «Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і мясцовыя органы ўлады» ў Беларусі да 2017 году. Пра гэта паведаміла кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Менску Майра Мора на прэсавай канфэрэнцыі 14 студзеня.
Паводле яе, прыярытэтамі Эўразьвязу ў рамках гэтай праграмы будзе ўцягваньне грамадзянскай супольнасьці «ў дзейнасьць па разьвіцьці і кіраваньні як на нацыянальным, так і мясцовым узроўнях» і разьвіцьцё мясцовага самакіраваньня.
Пасол ЭЗ адзначыла, што ў 2015 годзе праграма будзе засяроджаная на пытаньнях абароны навакольнага асяродзьдзя і энэргетыкі, а ў 2016 годзе — на рэгіянальным разьвіцьці.
Як адзначыла Майра Мора, у мінулыя гады найбольшую актыўнасьць праяўлялі прадстаўнікі Гомельскай вобласьці.
Усе заяўкі на праекты будуць разгледжаны конкурснай камісіяй, якая складаецца з супрацоўнікаў прадстаўніцтва ЭЗ і эўрапейскіх экспэртаў.
Фундаваная Эўразьвязам праграма «Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці і мясцовыя органы ўлады» дзейнічае з 2014 па 2020 ў 66 краінах. Яе агульны бюджэт складае 1,9 млрд. эўра.
Краіны ЭЗ і Зьвяз у цэлым сталі больш падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году. «Калі з 2006 па 2011 гады 54% усяго аб’ёму донарскай дапамогі ад краін-сябраў і інстытутаў ЭЗ для Беларусі было разьмеркавана празь дзяржаўныя інстытуты і толькі 13% — праз грамадзянскую супольнасьць, то ў 2012 годзе — адпаведна 40 і 22%», — адзначаецца ў дасьледаваньні замежнай дапамогі Беларусі.