Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд не падтрымлівае ахвяраў «ушчыльненьня»


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Андрэй Цалуйка адхіліў пазоў грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага да таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар Лізінг» і гарадзкога выканаўчага камітэту наконт прымусовага выкананьня імі сваіх абавязаньняў — даць жытло гараджанам, чые прыватныя дамы трапілі пад знос.

Сядзібы Кастуся Жукоўскага і ягоных суседзяў вырашана зьнесьці, а куды перасяляцца — незразумела.

Гісторыя ўжо цягнецца шэсьць гадоў. За гэты час «Цэнтар Лізінг» з дазволу гарвыканкаму ўзьвёў паміж вуліцамі Кніжнай і Тэльмана шматпавярховы гмах, пацясьніўшы прыватнікаў.

Тым, хто трапіў пад знос, таварыства гарантавала раўнацэннае жытло.

Але да справы не дайшло. Спачатку на словах гарадзкія ўлады прапаноўвалі кватэры, якія пазьней фігуравалі ў крымінальнай справе былога старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца. Жукоўскі нават мусіў даваць тлумачэньні з гэтай нагоды ва ўправе КДБ, якая пачынала раскручваць махінацыі з кватэрамі пад знос.

Пазьней забудоўшчык дасылаў тым, хто падпаў пад ушчыльненьне, гарантыйныя лісты, што жытло будзе выдзелена ў новаўзьведзеным доме. Аднак і гэтага не адбылося.

У ліпені мінулага году «Цэнтар лізінг» зноў пісьмова прапанаваў свае варыянты перасяленьня. Кастусь Жукоўскі ды іншыя гаспадары пагадзіліся пераехаць у прапанаваны дом на вуліцы Яраслаўскай. Тым больш што гэты варыянт прапаноўваўся Жукоўскаму на прыёме ў старшыні гарвыканкаму Пятра Кірычэнкі, дзе прысутнічалі й прадстаўнікі таварыства «Цэнтар Лізінг».

Але марна.

На судзе прадстаўнік таварыства «Цэнтар Лізінг» Андрэй Васільеў пазоў не прызнаў на той падставе, што дом на вуліцы Яраслаўскай таварыству не належыць. Гараджанам, чые дамы трапілі пад знос, нібыта прапаноўвалася паўтара дзясятка варыянтаў для перасяленьня, але тыя адмаўляліся. Апрача таго, людзі нібыта наагул ня маюць права падаваць пазоў у суд на забудоўшчыка наконт перасяленьня, бо такое заканадаўствам не прадугледжана.

Юрыст гарвыканкаму, у сваю чаргу, заявіла ў судзе, што выканаўчы камітэт тут ні пры чым: задача перасяленьня ўладальнікаў прыватных дамоў ускладзена на забудоўшчыка. Тэрмін перасяленьня, маўляў, яшчэ ня скончыўся, і гарвыканкам мае трымаць сытуацыю на кантролі.

«Я патлумачыў суду, што забудоўшчык хлусіцць наконт нашай адмовы ад прапанаваных варыянтаў. Я асабіста пагаджаўся атрымаць жытло ў новазбудаваным шматпавярховіку пад вокнамі майго прыватнага дома. Даваў пісьмовую згоду й на перасяленьне на вуліцу Яраслаўскую. Але адпаведнай дамовы таварыства „Цэнтар Лізінг“ са мной так і не заключыла», — кажа Кастусь Жукоўскі.

Па словах грамадзкага актывіста, ён будзе аспрэчваць рашэньні судзьдзі Андрэя Цалуйкі пасьля прадстаўленьня матывіровачнай часткі.

«Цэнтар Лізінг», а заадно і гарвыканкам мусяць выканаць свае абавязаньні, як таго патрабуе ўказ прэзыдэнта № 58 «Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры адчужэньні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэбаў».Варта дадаць, што год таму Кастусь Жукоўскі ад імя гараджанаў, чые дамы прызначылі пад знос, зьвяртаўся ўжо ў суд Цэнтральнага раёну, патрабуючы ад гарадзкіх уладаў грамадзкага абмеркаваньня тэмы «ўшчыльненьня» жылой забудовы паміж вуліцамі Тэльмана і Кніжнай. Аднак судзьдзя Цалкова адхіліла тады ягоную скаргу на дзеяньні ўлады ў гэтай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG