Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мошас: Данбас не заблякаваў эўраінтэграцыю Ўкраіны


Аркадзь Мошас
Аркадзь Мошас

Пра геастратэгічныя паразы і перамогі Масквы і сцэнары далейшага разьвіцьця канфлікту распавёў Свабодзе палітоляг з Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас.

На працягу бліжэйшых месяцаў варта чакаць новага ўсплёску баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. Калі гэтага не адбудзецца, то праз тры-пяць гадоў Данбас вернецца пад кантроль Украіны. Так лічыць дырэктар дасьледчай праграмы Ўсходняга суседзтва і Расеі Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас. У інтэрвію Радыё Свабода экспэрт даў сваю ацэнку падзеям на ўсходзе Ўкраіны і, ў прыватнасьці, пракамэнтаваў тэзіс аб тым, што працяг канфлікту гуляе не на руку Крамлю:

Мошас: У гэтым ёсьць рэальны рацыянальны сэнс. Зыходзячы з такіх матэрыяльных рэчаў, як эканоміка, заходнія інвэстыцыі, неабходнасьць неяк утрымліваць сэпаратысцкія зоны на ўсходзе Ўкраіны, такі аргумэнт будзе выглядаць пераканаўча. Але толькі для чалавека з заходнім рацыянальным мысьленьнем. А для тых, хто прымае рашэньні ў Крамлі, гэта выглядае ня так пераканаўча. Яны не адмаўляюць таго, што геапалітычныя дасягненьні патрабуюць выдаткаў. Для іх выснова такая: гэта выгадна геапалітычна, таму гульню варта працягваць.

РС: Гледзячы на хаду канфлікту, сёньня пераможцам у ім усё ж выглядае Пуцін: яго мэта — стварыць нешта накшталт замарожанага канфлікту на Данбасе — у пэўнай ступені дасягнутая. Ці не?

Калі канфлікт на Данбасе задумваўся для адцягненьня ўвагі ад Крыму, то гэта посьпех

Мошас: Я не лічу, што гэтая мэта дасягнутая, хоць і не выключаю, што некаторыя мэты Расея дасягнула. Скажам, увесь сьвет спыніў казаць аб Крыме. Нейкія рухі пэрыядычна робяцца, але гэта нічога не мяняе: анэксія Крыма адышла нават не на другі, а на дзясяты плян. У гэтым сэнсе, калі канфлікт на Данбасе задумваўся для адцягненьня ўвагі ад Крыму, то гэта посьпех.

РС: А калі ЭЗ яшчэ і пойдзе на зьмякчэньне санкцый, то гэтыя дасягненьні будуць выглядаць яшчэ больш выразна?

Мошас: Зьмякчэньне альбо адмова Захаду ад санкцый абсалютна ня выключаныя. Пакуль у Расеі няма ніякіх дыскусій аб адмене уведзеных контрзахадаў, у ЭЗ гэтая дыскусія працягваецца надзвычай актыўна. Мы бачым жаданьне сярод вельмі ўплывовых эўрапейскіх дзеячаў прыдумляць факты пра нейкі прагрэс, які яны нібыта бачаць на ўсходзе Ўкраіны, для стварэньня асновы для адмены санкцый. Безумоўна, у сэнсе тактычным, расейцы, гуляючы сваімі картамі, дасягаюць сур’ёзных вынікаў. Між тым, канфлікт паміж Расеяй і Захадам ператварыўся ў рэч, якая жыве і разьвіваецца па сваіх уласных законах, якія не падуладныя ні Крамлю, ні Брусэлю.

Канфлікт паміж Расеяй і Захадам ператварыўся ў рэч, якая жыве і разьвіваецца па ўласных законах, не падуладных ні Крамлю, ні Брусэлю.

РС: Кіраўнік НАТА заяўляе аб памяншэньні баявых сутыкненьняў, у той час як Украіна, а раней і АБСЭ, кажуць аб іх актывізацыі. Што зьяўляецца прычынай такога разнабою ў ацэнках падзеяў у Данбасе?

Мошас: Думаю, Украіна зацікаўлена ў тым, каб увага да рэгіёну і канфлікту не праходзіла, таму што безумоўна, існуе эфэкт прызвычайваньня. АБСЭ, магчыма, пачала атрымліваць больш інфармацыі. У той жа час неразумна аспрэчваць тое, што сытуацыя ў зоне канфлікту не стабілізуецца, а супрацьстаяньне працягваецца. Чаму НАТА кажа пра аслабленьне інтэнсіўнасьці канфлікту, сказаць складана. У іх ёсьць свае аналітыкі, якія робяць свае ацэнкі. А параўноўваць гэтыя дадзеныя павінны людзі, якія робяць гэтыя заявы.

РС: Вы з вашымі калегамі спрабавалі вызначыць сцэнары, па якіх будуць разьвівацца падзеі на ўсходзе Ўкраіны. Дык чаго варта чакаць?

Мошас: Мы ня лічым, што ёсьць сэнс параўноўваць усход Украіны з Прыднястроўем. Галоўны крамлёўскі сцэнар — гэта не замарожваньне канфлікту і ператварэньне яго ў нешта такое, што будзе «вісець» 20 гадоў бязь зьменаў. Узважыўшы шэраг аргумэнтаў, мы прыйшлі да высновы, што сэпаратысцкія раёны на Ўсходзе ня сталі вета для эўраінтэграцыі, яны не даюць Маскве ключа для вызначэньня будучыні Ўкраіны. Яны не перашкаджаюць прадуктыўным адносінам Кіева і Захаду. Тое, на што Малдове спатрэбілася 15 гадоў, Украіна атрымала адразу. Улічваючы гэта, я думаю, што альбо варта чакаць новай хвалі ваенных дзеяньняў, падчас якіх расейцы будуць мець на мэце паразу ўкраінскай арміі і пашырэньне тэрыторый. Гэта пакажа, што Кіеў ня мае магчымасьці вызначаць свае ваенныя межы. Калі гэтага не адбудзецца на працягу наступных некалькіх месяцаў, то недзе праз 3-5 гадоў трэба чакаць пераходу тэрыторыі пад кантроль Украіны. Бо стане зразумела, што канфлікт на Данбасе не перашкаджае ўзаемадзеяньню Ўкраіны з Захадам у рамках асацыяцыі. Таму канфлікт ня будзе мець ніякага сэнсу.

Тое, на што Малдове спатрэбілася 15 гадоў, Украіна атрымала адразу

РС: Пытаньне толькі ў тым, ці здолее ўкраінская ўлада паглыбіць адносіны з Эўразьвязам і як надоўга хопіць ў Захаду крэдыту даверу да Ўкраіны?

Мошас: Цалкам адназначна, што крэдыт даверу да ўкраінскай улады на Захадзе пераацэньваць не варта. Бясконца плаціць за нейкія абяцаньні і нават за геапалітычны статус Эўропа ня будзе. Таму калі ў бліжэйшы час урад Украіны не дакажа сваёй здольнасьці праводзіць сур’ёзныя рэформы — ад мытні да перафарматаваньня адносінаў з алігархамі, то чакаць рэінтэграцыі тэрыторый усходу і заходняй падтрымкі будзе складаней, гэта праўда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG