Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Сорас у Кіеве праводзіць таемныя спатканьні


Джордж Сорас
Джордж Сорас

На сустрэчах абмяркоўваюць барацьбу з карупцыяй, рэформы і прыцягненьня інвэстыцый — неабходныя крокі ў рамках «пляну выратаваньня Ўкраіны», які прапануе Сорас.

Амэрыканскі фінансіст і мільярдэр Джордж Сорас наведаў Кіеў і сустрэўся з украінскімі парлямэнтарыямі. На закрытую сустрэчу запрасілі ўкраінскіх дэпутатаў Мустафа Наема, Вікторыю Сюмар, Ганну Гапко і Аляксея Рабчына.

Абмяркоўвалі барацьбу з карупцыяй, рэформы і прыцягненьня інвэстыцый — неабходныя крокі ў рамках «пляну выратаваньня Ўкраіны», які прапануе Сорас.

Старшыня камітэта Вярхоўнай Рады па замежных справах Ганна Гапко ў гутарцы з Радыё Свабода паведаміла, што Сорас прыляцеў, каб «праясьніць сытуацыю» па рэфармаваньні Ўкраіны.

Гапко распавядала, што гаворка ішла аб конкурсе на пасаду будучага кіраўніка антыкарупцыйнага бюро ва Ўкраіне. Паводле яе слоў, на чале ведамства могуць паставіць як украінца, так і замежніка, калі парлямэнт гэта дазволіць. Прыярытэтам зараз павінна быць менавіта барацьба з карупцыяй, у прыватнасьці, у судовай галіны ўлады, распавядае зьмест сустрэчы Гапко. Сорас нагадаў, што ўрад, адміністрацыя прэзыдэнта і парлямэнт павінны працаваць зладжана. На яго думку, Рада кааліцыі і Нацыянальная рада рэформ могуць стаць інструмэнтамі для такой каапэрацыі.

Дэпутаты на сустрэчы з Сорасам казалі таксама пра тое, як паменшыць энэргетычную залежнасьць краіны і аднавіць інфраструктуру Данбаса. Паводле Гапко, сьвет чакае, што Ўкраіна «зробіць цуд» і насуперак вайне і заняпаду эканомікі расквітнее. Таму Сорас засяродзіўся менавіта на «праблемных месцах» ўкраінскага палітыкуму і эканомікі.

Сваё бачаньне рашэньня ўкраінскіх праблем Сорас выклаў на мінулым тыдні ў артыкуле ў амэрыканскім часопісе New York Review of Books. Гаворка ішла пра некалькі доўгатэрміновых крокаў, якія дапамогуць сабраць для Ўкраіны 50 мільярдаў даляраў. У прыватнасьці, на думку амэрыканскага экспэрта, для Ўкраіны неабходна рэструктурызаваць дзяржаўныя даўгі. Акрамя таго, павялічыць крэдытаваньне з боку эўрапейскіх фондаў дапамогі, ЭБРР, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку не менш, чым на 10 мільярдаў даляраў, Сусьветнага банку — на суму каля 5 мільярдаў даляраў. Таксама настойвае на павелічэньні крэдытнай лініі МВФ на 13 мільярдаў даляраў. Сярод іншага, Сорас лічыць, Украіне варта дапамагчы выплачваць расейскія бонды на суму 3 мільярды даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG