Міністры замежных спраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі праводзяць сустрэчу ў Бэрліне, дзе абмяркоўваюць сытуацыю ва Ўкраіне.
Гэтая сустрэча адбываецца за некалькі дзён да магчымых перамоваў лідэраў чатырох краін у сталіцы Казахстану Астане.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў сёньня заявіў, што спадзяецца, што сустрэча ў Бэрліне «дазволіць стымуляваць поўнае выкананьне менскіх дамоўленасьцяў».
10 студзеня канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паведаміла прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, што для правядзеньня сустрэчы ў Астане патрэбен прагрэс у рэалізацыі дамоўленасьцей, дасягнутых у Менску ў верасьні.
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што ён паедзе ў Астану толькі пры ўмове, што ёсьць шанец на прасоўваньне наперад у вырашэньні крызісу.
Паводле апошніх дадзеных ААН, ужо больш за 4800 чалавек загінулі ад красавіка 2014 у выніку баёў паміж урадавымі сіламі і прарасейскімі сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.