Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе сотні маладых хрысьціянаў маліліся за мір ва Ўкраіне і Беларусі


Беларусы, палякі і ўкраінцы правялі супольную малітву ў галоўным каталіцкім храме Чэхіі — Катэдральным саборы сьвятога Віта.

У Катэдральным саборы сьвятога Віта сабраліся сотні маладых хрысьціянаў зь Беларусі, Украіны і Польшчы. Менавіта гэтыя мовы сталі галоўнымі падчас сёньняшняй малітвы за мір і супакой у краінах Усходняй Эўропы.

Адмысловая малітва прайшла ў межах 37-ай Эўрапейскай сустрэчы моладзі, якую арганізоўвае Супольнасьць Taizé. Сёлета сустрэча праходзіць у Празе. Агулам у ёй бяруць удзел 30 тысяч вернікаў з 65 краінаў. Зь Беларусі ў чэскую сталіцу выправіліся каля 30 аўтобусаў. Усяго ж прыехала 1100 чалавек, якія прадстаўляюць усе хрысьціянскія канфэсіі краіны — рыма-каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў і грэка-каталікоў.

Айцец Аляксандр Шаўцоў, настаяцель грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку, зьяўляецца духоўным апекуном беларускіх хрысьціянаў у Празе. Айцец Аляксандр распавёў, што маладыя вернікі, якія сёлета прыехалі ў чэскую сталіцу, паходзяць з розных куткоў Беларусі:

«Тут прадстаўленая геаграфія ўсёй Беларусі. Гэта і праваслаўныя, і грэка-каталікі, і рыма-каталікі і пратэстанты. І ў гэтым таксама сэнс такіх сустрэчаў, каб прадстаўнікі розных канфэсіяў і вернікі з розных краінаў змаглі аб’яднацца».

Сёлетнюю пілігрымку беларускія вернікі прысьвяцілі Францішку Скарыну. Менавіта таму, перш чым трапіць у Прагу, пілігрымы завіталі ў польскі Кракаў, дзе гэтаксама ўзгадвалі біяграфію і творы беларускага першадрукара.

Эўрапейскія сустрэчы маладых хрысьціянаў праводзяцца з 1978 году ў адным з эўрапейскіх гарадоў. У Празе гэтая сустрэча ўпершыню адбылася ў 1990 годзе. Мэта такіх сустрэчаў — еднасьць усіх хрысьціянаў, нягледзячы на розныя канфэсіі і нацыянальнасьці. Сёлетняя сустрэча ў Празе прысьвечаная тым краінам і месцам, дзе адбываюцца войны і канфлікты — Украіне і Блізкаму Ўсходу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG