Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканскія Каляды ў беларускіх вышыванках


Марта Бекіш, Дарыюш Гадавы і Арцём Ткачук з маленькімі камэрунцамі
Марта Бекіш, Дарыюш Гадавы і Арцём Ткачук з маленькімі камэрунцамі

У дабрачыннай каталіцкай місіі Foyer St. Dominique, якая з ініцыятывы польскага дамініканца Дарыюша Гадавы два дзясяткі гадоў працуе ў сталіцы Камэруна Яўндэ, дарослыя і дзеці адзначылі Каляды.

Як звыкла можна пачуць у такіх выпадках — нам, уласна кажучы, што з гэтага? Маўляў, дзе тая Афрыка, а дзе — Беларусь? Але ці не галоўнай адметнасьцю сьвята стала тое, што пад завесу году нават «чорная» Афрыка падхапіла сёлетні беларускі трэнд — прапаганду нацыянальных вышыванак. Мадэлямі на імправізаваным подыюме сталі беларускія валянтэры місіі, студэнты з Гарадзеншчыны Марта Бекіш і Арцём Ткачук.

Марта і Арцём — студэнты ўнівэрсытэту Адама Міцкевіча ў Познані. Цяпер яны ў акадэмічным адпачынку, засталося давучыцца апошні курс магістратуры. У Афрыку прыехалі на год, у місіі айца Дарыюша пражылі ўжо першыя тры месяцы. За гэты час па-сапраўднаму пасябравалі з трыма дзясяткамі маленькіх гадаванцаў, якія тут з самых розных прычынаў. Але найчасьцей — з-за таго, што тыя ня вельмі патрэбныя сваім бацькам. У імправізаваным прытулку яны прынамсі атрымліваюць адукацыю, маюць нядрэннае па мясцовых мерках харчаваньне, а галоўнае — чалавечую ласку, якую мала хто меў у сям’і.

"Полечка-трасуха" на мясцовы замес
"Полечка-трасуха" на мясцовы замес

На зыходзе трэцяга месяца знаходжаньня ў Яўндэ Марта і Арцём сталі ўдзельнікамі аднаго з самых чаканых сьвятаў — Калядаў. І адразу ж уразілі мясцовы «істэблішмэнт», зьявіўшыся ў нацыянальных беларускіх строях — вышыванках. Як кажа Марта, дзеці не адразу нават і пазналі іх:

«Гэта мы на калядна-навагоднім ранішніку. Усе прыгожа апраналіся, ну і мы вырашылі адзначыцца паводле апошняга беларускага трэнду. Вышыванкі — гарадзенскія, знаёмы майстар адмыслова зрабіў нам перад ад’ездам у Камэрун. Дзеці, дарэчы, вельмі весяліліся, сьмяяліся, бо прызвычаіліся нас бачыць у цішотках, а тут раптам — такое пераўвасабленьне. Але потым казалі, што ім вельмі спадабалася! Дарэчы, той выпадак, калі прыгажосьць у літаральным сэнсе патрабуе ахвяраў: было вельмі горача, але мы з Арцёмам мужна трымаліся да канца».

Марта і яе новая сяброўка
Марта і яе новая сяброўка

Арцём Ткачук дадае да словаў сяброўкі, што для мясцовых Беларусь — «невядома што». Паводле ягоных назіраньняў, тутэйшы люд аб’ектыўна слабы ў геаграфіі, асабліва калі казаць пра людзей сталага веку. І расказаў наступную гісторыю. У місіі цяпер гасьцюе бабуля адной з супрацоўніц дому, якая ўсё жыцьцё пражыла ў аддаленай вёсцы. Арцём уключыў дзецям мультфільм пра Шрэка, старая далучылася да прагляду, а па выніках рэзюмавала: «Якія ж у белых ёсьць брыдкія зялёныя людзі». Іншымі словамі, успрыняла на ўзроўні ледзь не дакумэнтальнага фільму. Дзеля справядлівасьці, адзначае Арцём, малодшыя камэрунцы ў геапалітычнай сытуацыі разьбіраюцца ўжо лепш, але ў цэлым арыентацыя на мапе сьвету слабая. Але прынамсі пра існаваньне краіны Беларусь сябры місіі ўжо ў курсе.

Сьвяты Мікалай, які ніколі ня бачыў сьнегу
Сьвяты Мікалай, які ніколі ня бачыў сьнегу

Суразмоўцы кажуць, што за пару месяцаў адаптацыя да мясцовых рэаліяў прайшла досыць пасьпяхова, хоць і давялося перажыць некалькі чаканых захворваньняў з пагрозай на малярыю. Апроч таго, за прамінулы час прызвычаіліся і да сьціплага, два разы на дзень, харчаваньня — больш тут, удакладняе Арцём, не харчуецца ніхто:

«Зразумела, што ўсе прадукты мы ўжываем мясцовыя. Нас колькі ўсяго? Трое белых — наш айцец і мы з Мартай. Дык мы ямо крыху іншы набор, для нас гатуюць асобна. Бо ўсё ж іх ежа, скажам так, „касьмічная“ для нашых арганізмаў. Але ўсё досыць банальна: зранку штодзень — адны і тыя ж смажаныя яйкі, нейкая салата, а ўвечары заўсёды стараюцца, каб было мяса, бо як два разы на дзень ясі, то трэба, каб хапала гэтых калёрыяў. Ну, і ўвечары да мяса яшчэ даюць бульбу ці рыс, але ўсё вельмі простае. Дзеці ядуць свае стравы — у іх тут свае, тутэйшыя кухары. Амаль заўсёды ядуць — першы раз — рыс зь мясцовым соўсам. Дык вось кожны атрымлівае па вялізнай місе гэтага рысу. А ўжо на другі раз — у іх такая ёсьць страва, называецца „кус-кус“. Гэта такая пшанічная мука грубага памолу, якая проста ўкідваецца ў ваду, варыцца, і атрымліваецца штосьці падобнае на цеста. І потым да гэтага цеста дадаюцца, зноў жа, розныя соўсы ці нават кавалачак мяса. Такім вось чынам выглядае наш і іхны рацыён».

Арцём Ткачук кажа, што намагаецца сачыць за падзеямі, якія адбываюцца на радзіме. Так, у «Дзёньніку валянтэра», які Арцём вядзе на сайце naviny.by, зьявіўся ягоны водгук на праблему, актуальную і за тысячы кілямэтраў ад Бацькаўшчыны: «Зь Беларусі прыйшлі весткі пра камісію ў 30% за куплю валюты, якія нічога, акрамя суму, не выклікаюць. Бацькі сёлета набылі машыну, пазычылі грошай, а цяпер перажываюць, як аддаваць. Беларуская рэчаіснасьць...»

Імгненьні, якія застануцца ў памяці на ўсё жыцьцё
Імгненьні, якія застануцца ў памяці на ўсё жыцьцё

А вось да мясцовых страхаў ставіцца гэтак жа, як і абарыгены, — з іроніяй. Прыкладам, лічыць, што праблемы ліхаманкі Эболы блякнуць на тле іншых бедаў афрыканскага кантынэнту:

«Шчыра кажучы, у тутэйшым грамадзтве — безь перабольшаньня — жартаўлівае, нават анэкдатычнае стаўленьне да гэтай Эболы. Так, ад Эболы паміраюць тысячы, але ад малярыі столькі ж памірае адных толькі дзяцей. Гэта я не кажу пра сьмяротнасьць ад іншых хваробаў. Альбо тыя ж самыя радыкальныя ісламісты з „Бока харам“. Слухаеш тут францускае радыё, дык у Эўропе цэлымі днямі лямантуюць: „Бока харам“, „Бока харам“. А ў нас гэта збольшага аб’екты агульных насьмешак. Магчыма, за першыя месяцы яшчэ ня ўсе нюансы зразумелі, але прынамсі агульны настрой такі. З улікам таго, што мы прыехалі на год, і часу наперадзе шмат — то будзе магчымасьць усё спраўдзіць».

Хлопец удакладняе, што галоўныя крыніцы, якія дазваляюць трымаць руку на пульсе Беларусі, — бясспрэчна, электронныя: сайт «Нашай Нівы», партал TUT.by, таксама каталіцкія СМІ. Паводле адукацыі Арцём — палітоляг, таму чытае сайт «Свабоды». У прыватнасьці, прызнаецца, што вельмі любіць аналітычныя матэрыялы Юрыя Дракахруста. Але часу на чытаньне ня так шмат, як хацелася б — трэба займацца перадусім маленькімі жыхарамі місіі.

Сьняжынкі
Сьняжынкі

Фотасэсія ля ялінкі
Фотасэсія ля ялінкі

Самы чаканы падарунак – ад Санты
Самы чаканы падарунак – ад Санты

Рэдкія беларусы ў Афрыцы
Рэдкія беларусы ў Афрыцы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG